Прэм’ер Грэцыі пасля перамоў з Меркель адмовіўся ад рэпарацый

Прэм’ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас пасля перамоў у Берліне з канцлерам Германіі Ангелай Меркель перадумаў патрабаваць кампенсацыю за шкоду, нанесеную “Трэцім рэйхам” падчас Другой сусветнай вайны. Ён таксама падкрэсліў, што грэкі не павінны вінаваціць у сваіх бедах іншыя краіны, дадаўшы, што ў іх ёсць ўнутраныя праблемы, з якімі неабходна разбірацца. У першую чаргу, гэта ўхіленне ад падаткаў.

Эканамічнае становішча Грэцыі пагаршаецца з кожным днём. Як піша Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung са спасылкай на дадзеныя Еўракамісіі, грошай на пагашэнне пазыкаў у Афінаў хопіць толькі да 8 красавіка, пасля чаго сітуацыя ў краіне стане крытычнай.

Пасля сустрэчы ў Берліне прэс-сакратар грэчаскага ўрада Габрыэль Сакеларыдзіс заявіў, што каб пазбегнуць дэфолту, краіна прадставіць пакет рэформ сваім партнёрам па еўразоне не пазней за наступны панядзелак.

Габрыэль Сакеларыдзіс

Рэформы — вельмі вострае пытанне для Цыпраса, які прыйшоў да ўлады, абяцаючы спыніць палітыку жорсткай эканоміі. Але выглядае, што пагроза краху банкаўскай сістэмы ўсё ж прымусіла яго прыняць антыкрызісную праграму.

Сакеларыдзіс распавёў, што ў пакеце рэформ, якія прапануюць Афіны, будуць ўтрымлівацца не меры жорсткай эканоміі, а праект структурных зменаў усёй эканамічнай сістэмы.

Калі крэдытораў пераканаюць новыя меры Грэцыі, Афіны атрымаюць крэдыты ад еўразоны і Міжнароднага валютнага фонду.

Палітычны аглядальнік Deutsche Welle Марсэль Фюрстэнаў лічыць, што лёс праекта аб’яднанай Еўропы звязаны з Грэцыяй нашмат больш цесна, чым мяркуюць некаторыя. Калі б гэта было не так, Брусель ужо даўно перастаў арганізоўваць адзін антыкрызісны саміт за другім. Аднак гульцы, якія сядзяць за еўрапейскім сталом, ведаюць, што ў горшым выпадку прайграюць яны ўсё.

Марсэль Фюрстэнаў

Дэфолт Грэцыі абярнуўся б невяртаннем мільярдных крэдытаў. І Германія, як галоўны крэдытор, панесла б у гэтым выпадку самыя вялікія страты. Так што, Ангеле Меркель было б нядрэнна працягнуць руку дапамогі свайму калегу Алексісу Цыпрасу. Зрэшты, гэтага можна чакаць, вядома, і ад самога Цыпраса. І калі ўражанне, якое склалася ва ўсіх пасля візіту прэм'ер-міністра Грэцыі ў Берлін, адпавядае рэчаіснасці, то імкненне да супрацоўніцтва прысутнічае з абодвух бакоў, мяркуе эксперт.

Фота: efe.com, thetoc.gr, dw.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі