Праз Беларусь ніякага ўдару ў спіну па войсках РФ быць не мусіць — Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Вальфовіч / president.gov.by

Праз Беларусь ніякага ўдару ў спіну па расійскіх войсках быць не мусіць і не будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром Савета бяспекі Беларусі Аляксандрам Вальфовічам. Яны абмяркоўваюць сёння абноўленую канцэпцыю нацбяспекі. Пра гэта піша БЕЛТА.

"Не трэба нас папракаць, што мы там ва Украіне збіраемся ваяваць і іншае. Нам трэба абараніць сваю Айчыну. І што тычыцца падтрымкі Расіі, яшчэ раз пацвярджаю: праз Беларусь ніякага ўдару ў спіну, у бок, збоку, з флангаў па расійскіх войсках быць не мусіць. І не будзе. У гэтым наш абавязак перад нашым саюзнікам", — заявіў Лукашэнка.  

Ён таксама запатрабаваў ад Вальфовіча не спрашчацца ў сферы ваеннай падрыхтоўкі — асабліва ў цяперашніх умовах. "Сітуацыя вельмі сур'ёзная. Я б нават сказаў, небяспечная", — сказаў Лукашэнка. Пры гэтым даў некалькі рэкамендацый.

"Трэба нам падняць па трывозе нейкую вайсковую частку па нормах ваеннага часу — значыць, трэба. Трэба адмабілізаваць яе, каб мы бачылі, ці жывыя людзі, якія прыпісаныя да гэтай часткі, значыць, трэба яе адмабілізаваць. Трэба тэрытарыяльную абарону падняць — значыць, трэба", — заявіў Лукашэнка. Гэта ж тычыцца і народнага апалчэння, якое знаходзіцца ў стадыі фарміравання.

Пры гэтым абноўленую канцэпцыю нацыянальнай бяспекі краіны Лукашэнка запатрабаваў зрабіць "абсалютна адкрытай". "Не трэба нічога хаваць зыходзячы з нейкіх палітычных матываў ці нават эканамічных. Мы мусім сумленна прапісаць тыя рызыкі, пагрозы, якія існуюць, і нашу рэакцыю на іх. Каб і суседзі, і іншыя ведалі, як мы будзем рэагаваць",папярэдзіў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.