Вы тут

Прайшло 22 гады з дня знікнення генерала Юрыя Захаранкі

Партрэт Юрыя Захаранкі на вулічнай акцыі ў Мінску / З архіву ByMedia.net

Прайшло 22 гады з дня знікнення генерала Юрыя Захаранкі, экс-міністра ўнутраных спраў і аднаго з лідараў беларускай апазіцыі. Мяркуецца, што ён стаў ахвярай так званага "эскадрона смерці".

Захаранка ўзначальваў міліцэйскае ведамства ў 1994-1995 гадах. Пасля адстаўкі ён увайшоў у шэрагі апазіцыі, крытыкаваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі, займаўся стварэннем аб'яднання афіцэраў-сілавікоў. На вулічных акцыях нязменна ішоў у першых шэрагах.

7 траўня 1999 года 47-гадовага Юрыя Захаранку схапілі недалёка ад дома. Ад таго часу афіцыйнай інфармацыі пра яго лёс няма. У канцы 2019 года на Захад уцёк 41-гадовы Юрый Гараўскі, які прадставіўся былым байцом беларускага "эскадрона смерці". Ён расказаў пра выкраданне і забойства ў 1999 годзе апазіцыйных дзеячоў, у тым ліку і генерала Захаранкі.

У 2000 годзе сям'я Юрыя Захаранкі атрымала палітычны прытулак у Германіі. Маці зніклага генерала Ульяна Захаранка памерла тры гады таму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.