Вы тут

Праваабарончая супольнасць Беларусі прыняла тэрміновую заяву пра рэпрэсіі

Аляксандр Лукашэнка / Reuters

11 чэрвеня праваабарончая супольнасць Беларусі прыняла тэрміновую заяву пра рэпрэсіі. Яна патрабуе спыніць ціск і запалохванне людзей у сувязі з іх удзелам у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

"Мы канстатуем працяг распачатых у траўні 2020-га рэпрэсій супраць актывістаў, арганізацый грамадзянскай супольнасці і простых грамадзян, нягледзячы на адпаведныя заклікі нацыянальнай праваабарончай супольнасці, міжнародных арганізацый і экспертаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый", — заяўляюць праваабаронцы.

Адзначаецца, што ў нашай краіне яшчэ не было выбарчых кампаній, каб з самага пачатку яна праходзіла "у атмасферы страху, пагроз і запалохвання". Па краіне ідуць затрыманні і арышты і сябраў ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, і звычайных грамадзян, якія прыходзяць на пікеты па зборы подпісаў. Праваабаронцы сцвярджаюць, што ў выніку "адкрытай правакацыі" быў распачаты крымінальны пераслед Сяргея Ціханоўскага і групы людзей. А раніцай 11 чэрвеня яго жонка Святлана Ціханоўская, патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, вырашыла не праводзіць пікеты па зборы подпісаў у бліжэйшыя некалькі дзён "з-за асцярогі працягу рэпрэсій у дачыненні да зборшчыкаў подпісаў".

Таксама ў заяве згадваюцца ператрусы ў галоўным офісе "Белгазпрамбанка", кіраўніком якога яшчэ нядаўна быў Віктар Бабарыка, яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты. "Мы разглядаем гэтыя дзеянні як ціск на аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта", — пішуць праваабаронцы. Яны заяўляюць, што "у такіх умовах нельга казаць аб правядзенні сумленных і справядлівых выбараў".

Беларускія праваабаронцы заклікаюць улады нашай краіны "забяспечыць поўную рэалізацыю фундаментальных правоў і свабод чалавека, замацаваных у Канстытуцыі", а таксама ў шэрагу міжнародна-прававых дакументаў у сферы правоў чалавека. Яны падкрэсліваюць, што павінна выконвацца права на свабоду выказвання меркавання, права на мірныя сходы, права быць абраным на свабодных выбарах. У заяве змешчаны заклік да ўладаў Беларусі забяспечыць права грамадзян не падвяргацца адвольным затрыманням, "спыніць ціск і запалохванне грамадзян у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі".

Можна меркаваць, што гэтая заява трапіць у міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, у замежныя СМІ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.