Пратэстоўцы ў Малдове: Акцыя мірная, паўтарэння Майдана не будзе

Пратэстоўцы ў Малдове: Акцыя мірная, паўтарэння Майдана не будзе

У нядзелю, 6 верасня, у сталіцы Малдовы Кішынёве пачалася бестэрміновая акцыя пратэсту супраць улады. Мітынгуючыя абвінавачваюць кааліцыйны праеўрапейскі ўрад у карупцыі, а таксама высокіх чыноўнікаў у крадзяжы 1 млрд долараў з банкаў краіны. На плошчы Вялікага нацыянальнага сходу пратэстоўцы ўсталявалі намёты і заявілі, што будуць дамагацца выканання сваіх патрабаванняў: адстаўкі ўрада, генпракурора, кіраўнікоў Нацбанка, Цэнтрвыбаркама і грамадскай тэлерадыёкампаніі, датэрміновых выбараў а таксама пакарання вінаватых у знікненні сродкаў з банкаў.

Арганізатары акцыі — грамадзянская платформа DА (Demnitate si adevar — “Годнасць і справядлівасць”) сцвярджаюць, што на плошчы ў нядзелю сабралася каля 100 тысяч чалавек. Мясцовая паліцыя кажа, што колькасць пратэстоўцаў не перавышала 12 тысяч.

Паводле некаторых звестак, паліцыя затрымала некалькіх актывістаў, якія спрабавалі прарвацца ў будынак Генпракуратуры. Падчас сутычак з паліцыяй некалькі чалавек пацярпелі.

Пратэстоўцы ў Малдове: Акцыя мірная, паўтарэння Майдана не будзе
Паліцыя паведамляе пра 12 тысяч мітынгуючых, арганізатары кажуць, што на плошчы было каля 100 тысяч

Прэм’ер-міністр Малдовы Валерый Стралец заявіў, што ўлады адкрытыя для дыялогу з актывістамі. Малдоўскі палітолаг Актавіян Ціку кажа, што гэта ўжо трэцяя пратэстная акцыя такога кшталту. Цяпер яна больш арганізаваная. Пратэстоўцы ўсталёўваць намёты і кажуць, што не сыдуць з плошчы, пакуль не будуць выкананыя ўсе іх патрабаванні.

“Існуе некаторая імавернасць, што пратэсты перарастуць у звяржэнне ўлады, але тады сітуацыя можа набыць непрадказальны характар, бо гэтая грамадзянская платформа не мае відавочных лідараў, якія б маглі ўзяць на сябе адказнасць кіраваць”, — распавядае палітолаг.

Актавіян Ціку мяркуе, што ў перспектыве гэтая палітычная платформа можа ўзмацніць пратэсты, ператварыцца ў палітычную партыю і на наступных выбарах аб’яднаць вакол сябе ўсе незадаволеных людзей.

Прадстаўнік МЗС Малдовы Юліян Гроза таксама адзначае, што пратэсты ў Кішынёве носяць пераважна мірны характар. Палітык лічыць важным, што была пэўная адкрытасць з боку ўладаў, і цяпер перамовы паміж імі і пратэстоўцамі сталі магчымымі. А прагназаваць развіццё падзеяў пакуль рана.

“Трэба спачатку пачакаць, як пройдуць перамовы паміж пратэстоўцамі і ўладай. Але актывісты анансавалі, што хочуць, каб пратэст быў мірны. І толькі ў гэтых межах, яны будуць ціснуць на дзяржаўныя структуры і ўрад”, — тлумачыць Юліян Гроза.

Адзін з пратэстоўцаў Раду Люпан распавядае, што ў панядзелак удзень на плошчы знаходзіцца каля 500 чалавек. І на гэты момант улады не прынялі ніякіх крокаў і не выканалі ніводнага патрабавання.

“На маю думку, пратэст вырасце і стане большым, чым цяпер. Але ўсё будзе мірна і не ператворыцца ў тое, што адбылося ва Украіне. І, хутчэй за ўсё, улады пачнуць выконваць патрабаванні”, — кажа Раду Люпан.

На дадзены момант на цэнтральнай плошчы знаходзіцца каля 100 намётаў, якія займаюць каля яе чвэрці.

Фота: gagauzinfo.md, reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі