Прататыпы новай “Мазды 3”, арыштаваныя ў Беларусі, вернуць уладальнікам

“Беларускія ўлады сталі першымі, неафіцыйнымі, ўладальнікамі новай “Мазды 3”, ― піша пра нашу краіну аўстралійскі журналіст Эндру Маклін з аўтамабільнага часопіса Drive.

Як аказалася, гэта не жарт. Беларусь сапраўды трапіла ў скандальныя зводкі міжнародных аўтамабільных СМІ.

А гісторыя такая. Японцы вырашылі адправіць на Франкфурцкі аўтасалон, што прайшоў у верасні, восем прататыпаў новай “Мазды 3”. Каб давесці будучым пакупнікам, што машыны надзейныя, іх адправілі з Хірасімы ў Франкфурт сваім ходам ― праз Расію, Беларусь і Польшчу.

Але на Брэсцкай мытні 4 верасня здарыўся “сюрпрыз”. На дзве “Мазды” наклалі арышт.

“Здарылася гэта таму, што было парушанае заканадаўства, ― тлумачыць сітуацыю Зоя Козіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Брэсцкай мытні. ― У прыватнасці часткі 2 і 3 артыкула 14.7 “Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях”. Справа была накіраваная ў суд”.

На думку беларускіх мытнікаў, здарылася незаконнае афармленне дакументаў. Простымі словамі, перавозіць прататыпы праз беларуска-польскую мяжу павінны былі тыя ж асобы, якія ўвезлі іх з Японіі на тэрыторыю Мытнага саюза. А кіравалі “Маздамі” пазменна міжнародныя аўтажурналісты. І ўявіць, што які-небудзь карэспандэнт стаў бы займацца афармленнем дакументаў на часовы ўвоз транспартнага сродку а потым прапіліў бы 15 тысяч кіламетраў, няпроста.

Аднак, як стала вядома Еўрарадыё, гісторыя днямі атрымала новы паварот. Адзін з брэсцкіх судоў пастанавіў вярнуць абедзве машыны іх ўладальнікам.

“Адміністратыўны працэс у цяперашні час завершаны. Судом была вынесеная пастанова аб спыненні справы, ― паведамляе Еўрарадыё Вольга Нікішына, спецыяліст па рабоце з грамадскасцю кампаніі “Атлант-М Холпі” ― афіцыйнага дылера, які гандлюе ў Беларусі “Маздамі”. ― Аўтамабілі уладальнікам пакуль не вярнулі. Прысуд набудзе законную моц у пятніцу 11 кастрычніка. Мытны камітэт мае права падаць апеляцыю”.

Апошні міжнародны скандал такога плану здарыўся ў Беларусі ў траўні 2008 года. Тады на мінскім “Мотаршоў” арыштавалі дом на калёсах “Фіят Дуката”, які выстаўляла ў якасці экспаната літоўская кампанія. Транспартны сродак забралі са стэнда, які быў прызнаны найлепшым у межах аўтасалона. Беларускія мытнікі прад’явілі прэтэнзіі за няправільнае афармленне дакументаў падчас перасячэння мяжы. У скандал умяшаўся нават віцэ-міністр Літвы, справа дайшла да Аляксандра Лукашэнкі. І “Фіят Дуката” вярнулі літоўцам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі