Праектоўшчыкі беларускай АЭС лічаць небяспечнай пры аварыі зону ў 3 км

"Расійскай атамнай рулеткай" назвалі незалежныя эколагі і эксперты-атамшчыкі з Беларусі і Расіі праект будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.
Скандалам скончылася прэс-канферэнцыя ў Мінску, дзе эксперты з Беларусі і Расіі аналізавалі падрыхтаваны афіцыйнымі беларускімі спецыялістамі і распрацоўшчыкамі Астравецкай АЭС даклад “Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе Астравецкай АЭС”. Расійскі фізік-атамшчык, прадстаўнік міжнароднай экалагічнай групы “Экозащита” Андрэй Ажароўскі звярнуў увагу на тое, што невядома, дзе беларускі бок будзе захоўваць радыёактыўныя адкіды з Астравецкай АЭС.



Андрэй Ажароўскі: “Мне не зразумела, адкуль узялася фраза, што Расія можа забраць без вяртання самы страшны від ядзерных адкідаў — адпрацаванае ядзернае паліва. У “Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе Астравецкай АЭС” указана, што адпрацаванае паліва будзе вывозіцца на завод перапрацоўкі ў Расіі. Але яго нават у праекце няма, такога завода! Для рэактараў ВВР1200 няма. І ў праекце няма. Але калі ён нават быў, то, паводле свайго заканадаўства, Расія абавязаная вяртаць у Беларусь тое, што атрымалася пасля перапрацоўкі”.

А атрымліваецца, згодна з ягонымі словамі, з 1 тоны адпрацаванага ядзернага паліва 200 кг перапрацаваных адкідаў — якія вернуцца ў Беларусь і якія невядома дзе тая будзе захоўваць.

У адказ начальнік спецінспекцыі дзяржаўнай экалагічнай экспертызы праектаў Міністэрства аховы прыроды і навакольнага асяроддзя Аляксандр Андрэеў заявіў, што гэта — праблемы Расіі.



Аляксандр Андрэеў: “Нам на ўзгадненне накіраванае міжурадавае пагадненне, у якім запісаны пункт аб вяртанні адпрацаванага ядзернага паліва. Расія бярэ на сябе абавязацельствы забіраць адпрацаванае ядзернае паліва. Так запісана ў дакуменце”.

Гэтая заява абурыла расійскага эксперта.

Андрэй Ажароўскі: “Рыхтуецца парушэнне заканадаўства Расіі! А менавіта — па ўвозе замежных ядзерных адкідаў, ядзернага паліва, без вяртання. Я па вяртанні ў Маскву накірую ў Генпракуратуру зварот пра тое, што я стаў сведкам такога выказвання беларускага чыноўніка. І як толькі мне адкажуць, я праінфармую пра гэта вас. Бо пытанне цікавае. Я разумею жаданне Беларусі ўсе адкіды накіраваць у Расію, але мне гэта не падабаецца”.

Знайшлі незалежныя эксперты і шмат іншых недарэчнасцяў у распрацаваным афіцыйнымі спецыялістамі дакуменце. Так, Андрэй Ажароўскі звярнуў увагу на тое, што яны значна занізілі колькасць магчымых небяспечных выкідаў падчас праектнай аварыі на АЭС. Паводле яго слоў, беларускія распрацоўшчыкі знізілі выкіды ў 4 тысячы разоў у параўнанні з аварыяй, якая ўжо надарылася на такім жа рэактары водна-вадзянога тыпу.

Падманулі, па словах расійскага эксперта, беларускія “ацэншчыкі” і ўзровень магчымых максімальных радыеактыўных выкідаў падчас пазапраектнай аварыі — у выніку тэракта альбо збою ў працы тэхнікі.

Андрэй Ажароўскі: “Уздзеянне так званых пазапраектных аварый на навакольнае асяроддзе апынулася ў 10 разоў меншае, чым такой жа пазапраектнай аварыі на такім жа рэактары, напрыклад, у Фінляндыі”.



Георгій Лепін: “Расія і Турцыя заключылі пагадненне на будаўніцтва рэактара ў Турцыі. Дык вось у пададзеных дакументах называецца лічба кошту атамнай электраэнергіі — 21,16 цэнта. Пры тым, што кошт агульнай электраэнергіі ў Турцыі — 6 цэнтаў”.

Кандыдат тэхнічных навук, былы адказны сакратар камісіі Вярхоўнага Савета СССР “Па разглядзе прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ацэнцы дзейнасці службовых асоб у пасляаварыйны перыяд” Юрый Варонежцаў заўважыў, што афіцыйныя эксперты нічога не сказалі пра ўздзеянне АЭС на здароўе людзей.



Юрый Варонежцаў: “Не абвергнутыя тысячы фактаў негатыўнага ўздзеяння АЭС, што нармальна працуе, на здароўе насельніцтва . А ўздзеянне ёсць. Гэта і лейкемія, і рак малочных залозаў, і паніжэнне смяротнасці, асабліва дзіцячай, пасля таго, як зачыняюцца гэтыя станцыі. Гэтага няма”.



Эколаг Таццяна Новікава прадказала, што Астравецкая АЭС прывядзе да знішчэння асабліва далікатных парод рыб у рацэ Вілія. Эксперт па экатурызме, былы дырэктар заказніка “Сарачанскія азёры” Ігар Пастухоў расказаў пра шкоду, якую нанясе станцыя мясцовым лясам і азёрам. А гісторык Уладзімір Валодзін звярнуў увагу на тое, што праектавальнікі АЭС зусім не звярнулі ўвагі на гістарычныя помнікі, якія знаходзяцца ў гэтай мясцовасці, на магчымы ўплыў на іх станцыі і не правялі археалагічных даследаванняў у месцы будучага будаўніцтва.





Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі