Праект “Вяртанне”: беларуска ратуе псіхіку ўкраінскіх салдат псіхадэлікамі

Праект “Вяртанне”: беларуска ратуе псіхіку ўкраінскіх салдат псіхадэлікамі

Як аднавіць псіхічнае здароўе чалавека, які перажыў жахі вайны і вярнуўся з яе з посттраўматычным расстройствам? Калі візіты да псіхолага не прыносяць вынікаў, у справу ўступае кантраляваная псіхадэлічная тэрапія. Метад спалучэння псіхатэрапіі і псіхадэлічных рэчываў — МДМА, псілацыбіну, кетаміну, ібагаіну — прапануе Украінская асацыяцыя псіхадэлічных даследаванняў (UPRA).

Ці не становяцца вайскоўцы наркаманамі пасля такога лячэння? Ці атрымліваецца каго-небудзь вылечыць, што з сябе ўяўляе курс тэрапіі і ці легальна ўсё гэта? Пра гэта Еўрарадыё размаўляе з беларускай доктаркай, адной з заснавальнікаў Асацыяцыі.
 

Місія: вярнуць вайскоўцаў да нармальнага жыцця

Ірына (імя змененае) скончыла лячэбны факультэт БДМУ. Пазней дзяўчына вырашыла з'ехаць за мяжу: пасля прымусовай пасадкі рэйса Ryanair у Мінску ёй стала зразумела, што ні кар’еры, ні творчай будучыні ў Беларусі чакаць не давядзецца.

— Я адна з 15 заснавальнікаў UPRA, і пакуль што адзіная беларуска ў праўленні Асацыяцыі, — расказвае Еўрарадыё Ірына. — Сёння людзей, датычных да Асацыяцыі, больш за 150 чалавек з усяго свету. Цяпер супольнасць развіваецца за кошт валанцёрскай актыўнасці, прафесіяналаў і нашых асабістых сродкаў, але ў хуткім часе мы пачнём і публічны фандрайзінг.

Праект “Вяртанне” створаны асобна некалькімі сузаснавальнікамі і валанцёрамі, каб дапамагаць дзейным вайскоўцам і ветэранам.

Праект “Вяртанне”: беларуска ратуе псіхіку ўкраінскіх салдат псіхадэлікамі
UPRA прапануе новы метад рэабілітацыі для тых, каму не дапамагае звычайная псіхатэрапія / facebook.com/upra.org.ua

Еўрарадыё: Як выглядае рэабілітацыя ад "Вяртання"?

Ірына: Усё залежыць ад запыту і клінічнай сітуацыі. Камусьці дастаткова анлайн-кансультацый з псіхатэрапеўтам, а камусьці патрэбны поўны курс тэрапіі. У тыповым выпадку вострай рэакцыі на стрэс мы прапануем амбулаторнае лячэнне ў адным з двух медычных цэнтраў у Кіеве, што супрацоўнічаюць з намі.

Асаблівасць гэтых цэнтраў у тым, што дактары ў іх маюць выключны досвед працы з вайскоўцамі і выкарыстоўваюць легальную тэрапію з кетамінам ці ібагаінам. Гэтыя сродкі не адносяцца да класічных псіхадэлікаў і ўжываюцца па-за паказаннямі інструкцыі і ў іншых дозах.

Гэта не супярэчыць заканадаўству Украіны, а пратаколы запазычаныя з досведу замежных калегаў. Курс заўсёды ўключае дыягностыку, выключэнне кантузіі ці іншых фізічных траўмаў, псіхатэрапію і, пры неабходнасці, дадатковую фармакатэрапію з антыдэпрэсантамі. Пацыент на ратацыі ходзіць да лекара некалькі разоў на тыдзень, праходзіць размоўныя кансультацыі і псіхадэлічныя сесіі непасрэдна ў ложку клінікі пад пільным наглядам дактароў.

Звычайна стан пацыентаў не патрабуе шпіталізацыі, але мы маем такую магчымасць. Ёю карыстаюцца, напрыклад, іншагароднія, хто не хоча здымаць кватэру ў Кіеве на час лекавання.

Праект “Вяртанне”: беларуска ратуе псіхіку ўкраінскіх салдат псіхадэлікамі
“Клубныя таблеткі”, “экстэзі” ды іншыя сумнеўныя рэчывы — гэта не пра курс рэабілітацыі ад "Вяртання" / AP Photo / Drug Enforcement Administration

МDMA для тых, каму не дапамагае псіхатэрапія з кетамінам

Еўрарадыё: Сярод дапаможных сродкаў вашага курса — псілацыбін і моцнае псіхаактыўнае рэчыва MDMA. Але ж іх выкарыстанне нелегальнае?

Ірына: Псіхатэрапія, узмоцненая кетамінам, у выкананні ліцэнзаваных дактароў абсалютна легальная ва Украіне. Таму мы смела і адкрыта прапануем яе пацыентам. Гэта надта эфектыўная методыка, якая актыўна выкарыстоўваецца на Захадзе ў рэабілітацыі ветэранаў Ірака.

Але ж і яна не панацэя. Пэўнаму адсотку людзей можа не дапамагчы, і тады трэба спрабаваць тэрапію з MDMA ці псілацыбінам. Гэта зараз забаронена ва Украіне.

На такі выпадак мы актыўна развіваем міжнародныя адносіны з даследчымі цэнтрамі ў Еўропе, дамаўляемся пра магчымасць удзелу нашых пацыентаў у праграмах пашыранага доступу і клінічных выпрабаваннях псіхадэлікаў. Усе, хто атрымлівае дапамогу праз праект “Вяртанне”, атрымліваюць выключна легальныя паслугі сертыфікаваных лекараў. UPRA, як грамадская арганізацыя, мае на сваёй мэце легалізацыю псіхадэлічнай тэрапіі з MDMA і псілацыбінам ва Украіне.

Мы кантактуем з Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам унутраных спраў, іншымі зацікаўленымі бакамі і міжнароднымі партнёрамі, каб гэта адбылося як мага хутчэй.
 

Закінуцца MDMA і прайсці курс ад "Вяртання" — зусім розныя рэчы

Праект “Вяртанне”: беларуска ратуе псіхіку ўкраінскіх салдат псіхадэлікамі

ПТСР (англ. PTSD) — цяжкі псіхічны стан, які ўзнікае ў выніку адзінкавых або паўтаральных падзей, якія аказваюць звышмагутнае негатыўнае ўздзеянне на псіхіку. Нярэдка праяўляецца ў вайскоўцаў, якія вярнуліся з баявых дзеянняў, перажыўшы пры гэтым моцны стрэс.

Еўрарадыё: Чым ваш метад адрозніваецца ад звычайнага мікрадозінга і ўжывання наркотыкаў?

Ірына: Па-першае, MDMA хімічна не наркотык у класічным разуменні фармакалогіі, а эмпатаген. Яго адыктыўны патэнцыял значна ніжэйшы за, напрыклад, какаін. Гэта вядома з даследаванняў.

Па-другое, тое, што на вуліцы называюць “экстэзі” і лічаць MDMA, на самай справе ўвогуле можа не змяшчаць MDMA. Вулічныя “клубныя” таблеткі могуць змяшчаць амфетамін, параметоксіамфетамін і нават мефедрон. У клінічных умовах пацыентам прапануецца кантраляваная доза рэчыва, вырабленага ва ўмовах фармацэўтычнай лабараторыі. Гэта значна зніжае рызыкі.

Пацыентам з посттраўматычным расстройствам становіцца лепш ад MDMA не таму, што чалавек кайфануў, перажыў эйфарыю ці пазбавіўся трывогі на кароткі час. А таму, што з дапамогай тэрапеўта ён выкарыстоўвае гэты асаблівы стан псіхічнага ўспрымання для прапрацоўкі траўматычнага досведу.

Цяжкасць ПТСР як хваробы ў тым, што чалавек не можа працаваць са сваімі ўспамінамі, яны заблакаваныя ў звычайным стане свядомасці. MDMA стварае вокны магчымасці для пераменаў.
 

“Баюся стаць наркаманам пасля MDMA”

Праект “Вяртанне”: беларуска ратуе псіхіку ўкраінскіх салдат псіхадэлікамі

Трыгерам для ўзнікнення ПТСР служыць надзвычай стрэсавая сітуацыя. На фота — “погляд на дзве тысячы ярдаў”, В'етнам, 1966 год. Пілот Віктар Візкара, эвакуяваны з месца прызямлення ў джунглях пасля скачка з парашутам. Ён бачыў, як самалёт прайшоў пад купалам парашута і ўрэзаўся ў гару / архіўнае фота

Еўрарадыё: Ці ёсць рызыка таго, што пасля вашага курса людзі з ПТСР ператворацца ў “армію наркаманаў”?

Ірына: Амерыканскія даследаванні сведчаць, што MDMA і псілацыбін эфектыўныя ў адваротнай задачы. Іх выкарыстоўваюць як лекі ад залежнасцяў. Інстытут Джонса Хопкінса друкуе шматабяцальныя вынікі выкарыстання псілацыбіну ў людзей з алкагольнай, табачнай і іншымі залежнасцямі. А тыя пацыенты, што прайшлі клінічны курс з адной або дзвюх сесій, у больш чым палове выпадкаў выходзяць ва ўстойлівую рэмісію і больш не маюць сімптомаў дэпрэсіі пасля 12 месяцаў нагляду. Навошта ім тады шукаць наркотыкі? “Армія наркаманаў” — гэта дыскурс тых рэгіёнаў, дзе забараняць прасцей, чым кіраваць.

Як у любога фармакалагічнага сродку, у MDMA ёсць свае рызыкі і супрацьпаказанні. Як для любых лекаў, суадноснасць рызыкаў і карысці павінна ацэньвацца доктарам. Зараз відавочна: для вялікай кагорты пацыентаў фізіялагічныя рызыкі MDMA ніжэйшыя за рызыкі прывыкання і непажаданых рэакцый ад іншых дзесяці год на антыдэпрэсантах.

Еўрарадыё: Ці дапамагла ваша тэрапія каму-небудзь?

Ірына: Пакуль былі толькі пазітыўныя выпадкі. Але мы падрыхтаваныя да таго, што камусьці можа не дапамагчы той курс, які дагэтуль дапамагаў усім. Тады будзем шукаць дадатковыя тэрапеўтычныя опцыі. Наша місія — вяртанне чалавека да сябе, да жыцця ці да вайны, на яго выбар. Мы не пакідаем людзей у паветры і праз час абавязкова правяраем, ці не пагоршыўся яго стан у адсутнасці тэрапіі.

Стабілізаваць вайскоўца з вострым дыстрэсам пры выкарыстанні кетамінавай тэрапіі магчыма прыкладна за два тыдні. Каб прапрацаваць устойлівае посттраўматычнае расстройства ў ветэрана, спатрэбіцца значна больш часу, ад трох тыдняў і больш.

Праект “Вяртанне”: беларуска ратуе псіхіку ўкраінскіх салдат псіхадэлікамі
Яшчэ адзін “погляд на дзве тысячы ярдаў”. Радавому з ЗША Тэадору Дж. Мілеру дапамагаюць падняцца на борт карабля пасля бою на атоле Эніветак / архіўнае фота

Методыка ад "Вяртання" пакуль што не для Беларусі

Еўрарадыё: А ці ёсць шанец вашай ініцыятыве легалізавацца ў Беларусі?

Ірына: Пакуль у Беларусі арыштоўваюць падлеткаў за пыл ад канабісу ў кішэні, ніякай перспектывы медычнай дэкрыміналізацыі не будзе. Ва Украіне, напрыклад, дыскусія па легалізацыі медычнага канабісу вядзецца ўжо на ўзроўні парламента, бо адпаведны закон быў падтрыманы Кабмінам.

Медычны канабіс значна дапамагае анкалагічным хворым перад смерцю палегчыць боль і трывогу. У краінах Захаду менавіта для гэтых пацыентаў існуюць і праграмы доступу да псіхадэлічнай тэрапіі. На парозе смерці яна дапамагае людзям прыняць непазбежнае і правесці рэшту жыцця ў гармоніі з сабою і Сусветам.

У Беларусі палеатыўная дапамога ўсё яшчэ ажыццяўляецца фельчарамі хуткай дапамогі. Яны прыязджаюць раз на тры дні да анкалагічнага хворага, коляць апіяты і пакідаюць яго чакаць наступнай ломкі, каб зноў выклікаць “хуткую”. Таму “армія наркаманаў” — гэта ўсе тыя хворыя, каго дзяржаўная заскарузлая медыцына робіць легальна залежнымі ад апіятаў і антыдэпрэсантаў.
 

Хто можа прасіць дапамогі ў "Вяртання"?

Праект “Вяртанне”: беларуска ратуе псіхіку ўкраінскіх салдат псіхадэлікамі
Майстар-сержант 82-й дэсантна-штурмавой дывізіі ЗША / iowahealthieststate.com

Еўрарадыё: Толькі вайскоўцы з ПТСР могуць звяртацца па дапамогу ў "Вяртанне"?

Ірына: Мы імкнёмся дапамагаць усім, хто да нас звяртаецца: беларусам, украінцам і інтэрнацыянальным салдатам. Часцей за ўсё салдаты, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях, звяртаюцца з сімптомамі вострай рэакцыі на стрэс. Шмат жахаў яны бачаць на вайне. Гвалт, смерці сяброў і паплечнікаў, катаванні цывільных, нябожчыкі — да ўсяго гэтага нічыя псіхіка не можа быць цалкам падрыхтаваная.

Бываюць і гісторыі з цывільнага жыцця, якія абвастрыліся на вайне. Шмат хто з беларусаў прайшоў праз рэпрэсіі таго ці іншага перыяду перад тым, як апынуцца на вайне. Таксама дапамагаем украінскім ветэранам: гэта маладыя мужчыны з лекава рэзістэнтным посттраўматычным стрэсавым расстройствам. Звычайна яны ўжо прайшлі ўсе колы дзяржаўнай псіхіятрыі і не атрымалі выніку.

Асобны кірунак нашай дзейнасці — асвета. Шукаем магчымасці распавядаць добраахвотнікам пра кіраванне стрэсам яшчэ да таго, як яны апынуцца на вайне. Зараз сумесна з дасведчанымі вайсковымі псіхатэрапеўтамі рыхтуем кароткія адукацыйныя відэа.

Калі нехта з чытачоў цяпер ваюе на баку Украіны і вам неяк неспакойна за свой псіхічны стан, звярніцеся да нас на мэйл [email protected]. Таксама можаце прайсці анлайн-апытальнікі, якія могуць дапамагчы выявіць ПТСР ці дэпрэсію.

Еўрарадыё: Методыка "Вяртання" — гэта нейкае ноу-хау, якое пакуль ёсць толькі ва Украіне?

Ірына: Псіхадэлічная тэрапія як клінічная навуковая дзейнасць легалізаваная ў Канадзе і некалькіх штатах ЗША, Аўстраліі, Англіі, Нідэрландах, Партугаліі, Іспаніі, Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Ізраілі і Мексіцы. На сённяшні дзень у міжнародным рэестры клінічных выпрабаванняў зарэгістравана больш за 200 выпрабаванняў па ўсім свеце. У ЗША цяпер ідзе трэцяя фаза клінічных выпрабаванняў MDMA для пацыентаў з рэзістэнтным посттраўматычным сіндромам і другая фаза выпрабаванняў псілацыбіну для пацыентаў з цяжкай дэпрэсіяй. FDA надала абодвум метадам статус “прарыўных” і актыўна спрыяе іх распрацоўцы як камерцыйных лекавых сродкаў. Чакаецца, што ўжо ў 2023 годзе FDA ухваліць псіхадэлічную тэрапію ў ЗША.

Ва Украіне мы, як грамадская арганізацыя і супольнасць прафесіяналаў, вядзём перамовы з дзяржаўнымі органамі аб рэкласіфікацыі MDMA і псілацыбіну. Зараз яны лічацца рэчывамі без медычных якасцяў, але сучасная база міжнародных навуковых дадзеных сведчыць, што медычныя якасці ўсё ж такі ёсць. Мы аптымістычна глядзім на перспектывы рэкласіфікацыі. Як толькі гэта адбудзецца, будзем ініцыяваць праграмы клінічных даследаванняў ва Украіне і рэгістрацыі гэтых рэчываў як лекавых сродкаў па ўкраінскім нацыянальным заканадаўстве.

Рух дэкрыміналізацыі псіхадэлікаў сусветны. У Канадзе, Мексіцы, ЗША, Партугаліі, Англіі, Нідэрландах актыўна вядуцца даследаванні. Дзейнасць псіхадэлічных гідаў выведзена з падполля, і такія спецыялісты ўдзельнічаюць у медычных канферэнцыях, дзеляцца досведам з клінічнымі псіхіятрамі. Адміністрацыя прэзідэнта Байдэна на афіцыйным узроўні падтрымлівае легалізацыю псіхадэлікаў для клінічнага выкарыстання, бо яны дазволяць значна знізіць дзяржаўныя расходы на лекаванне ветэранаў і крымінальных ахвяр.

Ужо актыўна развіваецца нават інвестыцыйная галіна гэтай сферы: на фондавым рынку ЗША можна купіць акцыі біятэх-стартапаў, што распрацоўваюць сінтэтычныя аналагі прыродных псіхадэлікаў для кантраляванага выкарыстання ў медыцыне. Нават Netflix выпусціў дакументальны серыял пра псіхадэлічную тэрапію пад назвай “How to change your mind”.

Праект “Вяртанне”: беларуска ратуе псіхіку ўкраінскіх салдат псіхадэлікамі
Лагатып UPRA / facebook.com/upra.org.ua

Паводле інфармацыі UPRA, 23 мільёны ўкраінцаў маюць высокую рызыку псіхічных расстройстваў у сувязі з ваеннымі дзеяннямі, вымушаным перасяленнем і стратай блізкіх. 3,5 мільёнам украінцаў, па папярэдніх разліках, будзе пастаўлены дыягназ посттраўматычнага стрэсавага расстройства. Сімптомы ПТСР могуць уключаць эмацыйную нестабільнасць, агрэсію, начныя страхі, некантраляваныя думкі пра перажытыя падзеі.

Чакаецца, што толькі 50% пацярпелых цалкам паправяцца пасля курса традыцыйнай тэрапіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі