Прадстаўнікоў “Даны Астра” выклікалі да Качанавай на размову аб якасці іх жылля

Жылы комплекс "Мінск-Мір"

Жылы комплекс "Мінск-Мір" / wikipedia.org

Прадстаўнікоў будаўнічай кампаніі "Дана Астра" запрашалі "у Савет Рэспублікі, дзе яны давалі тлумачэнні Наталлі Качанавай". Пра гэта агенцтву "Мінск-Навіны" расказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Чэрнікаў. Тэмай абмеркавання былі якасць будаўніцтва і, відавочна, нядаўняе даручэнне Аляксандра Лукашэнкі разабрацца, "чаму людзі скардзяцца". Па словах Чэрнікава, "забудоўшчык знаходзіцца на кантролі". Недатыкальных забудоўшчыкаў, паводле яго слоў, у Мінску няма.

"Розныя кантрольныя і наглядныя органы іх таксама штрафуюць за парушэнні, як і ўсіх астатніх. Іх таксама пазбаўляюць атэстатаў удзельнікаў будаўніцтва, адпраўляюць на пераатэстацыю", — дадаў чыноўнік. Пры гэтым Чэрнікаў зазначыў, што ў працэсе будаўніцтва перыядычна ўзнікаюць "нейкія гарантыйныя моманты і праблемы па якасці". Але трэба ўлічваць і маштаб забудовы, паспрабаваў заступіцца за забудоўшчыка чыноўнік.

Нагадаем, у канцы мінулага года аб скаргах на забудоўшчыка найбуйнейшых жылых комплексаў у сталіцы "Маяк Мінска" і "Мінск-Мір" загаварыў Лукашэнка. Ён даручыў старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміру Кухараву разабрацца. "Няхай перарабляюць усё. Бо адкажуць так, як адказваюць усе ў Беларусі. Прыйшлі працаваць у Беларусь — няхай працуюць, як трэба. Каб на іх людзі не крыўдзіліся. Трэба ўважліва паглядзець за гэтымі будаўнікамі", — заявіў тады Лукашэнка. Нагадаем, "Дана Астра" мае дачыненне да сербскіх бізнесменаў братоў Карычаў, якіх называюць "кашалькамі Лукашэнкі". З-за гэтага яны нават патрапілі пад еўрапейскія санкцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі