Прадстаўнік Еўракамісіі праігнараваў беларускую апазіцыю?

Прадстаўнікоў тытульнай апазіцыі на сустрэчу не толькі не запрашалі, але і не папярэджвалі пра візіт Віганда. Што выклікала трывожныя рэплікі лідараў апазіцыі ў сацыяльных сетках, маўляў, а як без нас?

Затое еўрачыноўнік правёў сустрэчу з прадстаўнікамі тых няўрадавых арганізацый, якія займаюцца выключна сацыяльнымі пытаннямі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў удзельнік учорашняй сустрэчы з дырэктарам дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунарам Вігандам, былы прарэктар ЕГУ Уладзімір Дунаеў.

Уладзімір Дунаеў: “Размова ішла пра рэгіянальнае развіццё, пра падтрымку розных малаабароненых слаёў насельніцтва — такія тыпова сацыяльныя праблемы. У тым ліку пра адукацыю, пра пенсійную сістэму, пра тое, што можна зрабіць і чым Еўрапейскі саюз, са сваім вопытам, са сваёй экспертызай, мог бы дапамагчы беларускім уладам сітуацыю гэтую нейкім чынам палепшыць”.

Сам Дунаеў закранаў тэму беларускай адукацыі і далучэння нашай краіны да Балонскага працэсу. Прадстаўнікі арганізацыі “Наша пакаленне” казалі пра праблемы ў жыцці беларускіх пенсіянераў, пра сістэму занятасці, падтрымку мэтавых груп насельніцтва, у тым ліку моладзі, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, былых зняволеных казала Ірына Іванова з “Інтэракцыі”. Прадстаўнікі іншых арганізацый казалі пра сітуацыю з гендарнай роўнасцю ў краіне.

Як стала вядома Еўрарадыё, разам з Гунарам Вігандам у Беларусь прыехала група прадстаўнікоў Еўракамісіі, якія займаюцца менавіта пытаннямі рэгіянальнага развіцця, адукацыі, падтрымкай малаабароненых слаёў насельніцтва.

Уладзімір Дунаеў: “Гэта была размова па тэмах, якія, з пункту гледжання Еўракамісіі, уяўляюць пэўную цікавасць, пэўную перспектыву ў перамовах з урадам. Там, дзе ім падаецца, што магчымае нейкае ўзаемадзеянне”.

Пра сустрэчу з высокім еўрачыноўнікам будучым яе ўдзельнікам з беларускага боку паведамілі тыдзень таму. Акрэслілі тэмы, якія цікавяць прадстаўнікоў Еўракамісіі, і папрасілі падрыхтаваць свае тэзісы і прапановы. Пры гэтым, па словах Аляксандра Сінкевіча, які таксама браў удзел  у сустрэчы з прадстаўніком Еўракамісіі, актуальныя палітычныя тэмы нікуды не зніклі — яны ўздымаліся і цяпер.

Аляксандр Сінкевіч: “Тэма палітзняволеных, грамадскіх свабодаў, выбараў агучвалася еўрапейскай дэлегацыяй. Гэтая рыторыка нікуды не знікла, гэтыя патрабаванні існуюць і з’яўляюцца асноўнымі аргументамі з боку Еўропы для таго, каб зрабіць першыя крокі да рэальнага паляпшэння адносінаў”.

Чаму гэтыя палітычныя мантры гэтым разам выказваліся не лідарам апазіцыі, а далёкім ад палітычных гульняў грамадскім актывістам?

Аляксандр Сінкевіч: “Пэўныя персаналіі з палітычных асяродкаў Беларусі дыскрэдытаваныя ў вачах Еўрасаюза з прычыны сваёй неэфектыўнасці. І цяпер шукаюць іншыя шляхі стварэння ўплыву на тэрыторыі Беларусі, бо палітычная карта лічыцца ўжо бітай з пункту гледжання еўрапейскіх чыноўнікаў. Таму будзе рабіцца акцэнт на грамадскіх актывістаў як на больш адэкватныя і больш эфектыўныя структуры”.

Па словах Сінкевіча, па выніку папярэдніх сустрэч з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі ў Гунара Віганда склалася ўражанне, што ў нас тут свая Паўночная Карэя: у еўрачыноўніка выклікала вялікае здзіўленне тое, што ў нашым парламенце 43% жанчын, што 60% насельніцтва працуе ў прыватным сектары. Тым не менш, сцвярджае суразмоўца Еўрарадыё, падчас сустрэч з прадстаўнікамі беларускай улады пытанне палітзняволеных Вігандам будзе актыўна ўздымацца.

Аляксандр Сінкевіч: “Будзе весціся нейкі пошук кампрамісу, дыялогу, пытанне амністыі будзе ўздымацца. Але хутчэй размова будзе ісці па канкрэтных прозвішчах, і кожны канкрэтны выпадак будзе абмяркоўвацца персанальна. Бо Гунар Віганд сустракаўся гэтым разам з жонкамі, са сваякамі зняволеных. Яны хутчэй будуць вывучаць кожны канкрэтны выпадак, а не вырашаць гэта “пакетным” шляхам”.

Сапраўды, прадстаўнік Еўракамісіі паспеў 18 ліпеня сустрэцца са сваякамі палітвязняў і праваабаронцамі. Але ў тым, што падчас гэтага візіту будуць весціся актыўныя і прынцыповыя перамовы з афіцыйным Мінскам па праблемах вызвалення зняволеных, старшыня “Беларускага хельсінскага камітэта” Алег Гулак сумняваецца.

Алег Гулак: “Наўрад ці Еўрасаюз можа цяпер весці да такой ступені актыўную палітыку і кропкава дамаўляцца — весці перамовы па асобах. У мяне вялікія сумневы наконт гэтага. Такога хутчэй трэба чакаць ад іншых перагаворшчыкаў”.

Бо Віганд, кажа Алег Гулак, усё ж не такі высокі еўрачыноўнік, каб вырашаць вельмі вострыя пытанні ў адносінах паміж ЕС і Беларуссю. Па яго словах, гэта “фармальны візіт па цэлым спектры беларуска-еўрапейскіх адносінаў”.

У Прадстаўніцтве ЕС у Беларусі ніякіх каментараў па праграме візіту Гунара Віганда не даюць. Маўляў, падрабязная справаздача будзе па заканчэнні ўсіх запланаваных сустрэч.