Прадстаўнік Ціханоўскай пра яе візіт у ЗША: “Выходзім на новы ўзровень”

Прадстаўнік Ціханоўскай пра яе візіт у ЗША: “Выходзім на новы ўзровень”

Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Вашынгтоне з амерыканскімі палітыкамі і прадстаўнікамі Белага дома на самым высокім узроўні. І хоць сустрэчы з прэзідэнтам Джо Байдэнам не адбылося, яе каманда лічыць вынікі візiту пазітыўнымі.  

Адна з мэтаў сустрэч Святланы Ціханоўскай — наладжванне доўгатэрміновых адносінаў, расказвае Еўрарадыё кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі:

“Для таго каб вырашаць пытанні са Злучанымі Штатамі, мы, безумоўна, павінны асабіста ведаць тых людзей, якія ўдзельнічаюць у прыняцці рашэнняў. І Святлана Ціханоўская з гэтай задачай выдатна спраўляецца. 

З практычных пытанняў, якія мы абмяркоўвалі, можна выдзеліць: узмацненне ціску праз увядзенне дадатковых санкцый, павелічэнне дапамогі для грамадзянскай супольнасці, для рэпрэсаваных, для незалежных медыя. 

Мы таксама ўздымалі такія канкрэтныя, але досыць балючыя пытанні, як выдзяленне МВФ дадатковых сродкаў рэжыму на барацьбу з COVID-19. І зараз мы гутарым пра тое, што выдзяляць гэтыя грошы Лукашэнку нельга”.

Валерый Кавалеўскі дадае: “Важнасць гэтай сустрэчы ў тым, што, бадай, упершыню адбылося абмеркаванне беларускага крызісу ў трохбаковым фармаце: ЕС, ЗША і Беларусь. Тут ёсць і сімвалічнасць і практычнасць: праз гэта абмеркаванне мы даводзім інфармацыю і выходзім на нейкі новы ўзровень узаемадзеяння”.

Што для Беларусі азначае стварэнне адмысловага кокуса ў Кангрэсе ЗША па пытаннях Беларусі?

“Гэта група кангрэсменаў, якія зацікаўлены ў такой больш сфакусаванай працы па Беларусі. Гэта значыць, што цяпер у Кангрэсе існуе такі невялікі інстытут па пытаннях Беларусі, да якога можна прыйсці са сваімі праблемамі, ініцыятывамі. Зараз да гэтага кокуса далучыліся чатыры кангрэсмены”, — тлумачыць Кавалеўскі.

Па словах Кавалеўскага, у час візіту таксама гучала тэма ўвядзення дадатковых санкцый супраць Расіі — “асноўнага спонсара рэжыму Лукашэнкі”: 

“Мы казалі, што гэтаму [ўплыву Расіі на Лукашэнку. — Еўрарадыё] трэба паставіць заслону як у палітычным сэнсе, так і ў эканамічным — праз санкцыі. Калі пройдзе спроба расійскімі кампаніямі скупіць беларускія, то яны мусяць быць пад санкцыямі. І было б правільна рабіць гэта не пастфактум, а рабіць гэта да таго. Гэта будзе сігналам для гэтых кампаній, што такая здзелка не будзе законнай”. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі