Праца ў Мінэканомікі: у анкеце пытаюць пра ідэальнага кіраўніка і прымаўку

Нягледзячы на нядаўняе скарачэнне чыноўнікаў на 25%, на сайтах міністэрстваў зноў знаходзім вакансіі. І не каго-небудзь а… начальнікаў. Міністэрства эканомікі шукае адразу двух начальнікаў: у галоўнае ўпраўленне макраэканамічнага аналізу і ва ўпраўленне прагназавання галоўнага ўпраўлення знешняй эканамічнай палітыцы.

“Найперш мы глядзім на досвед. Для начальніка ўпраўлення прагназавання — ад 8 мільёнаў рублёў заробак, для начальніка галоўнага ўпраўлення — ад 11 мільёнаў”, — абяцаюць у Міністэрстве эканомікі.

Каб уладкавацца, трэба запоўніць анкету з сайта міністэрства, дзе сярод іншых ёсць пытанні “у эканоміцы сваёй краіны я б хацеў змяніць…”, “ідэальны для мяне кіраўнік — гэта…”, “як доўга супрацоўнік можа знаходзіцца на сваёй пасадзе?”, а таксама “чаму чыноўнікі парушаюць закон аб дзяржслужбе?”. У канцы анкеты трэба ўказаць жыццёвую пазіцыю, а ў дужках пазначана — “улюбёная прымаўка”.

З бонусаў працадаўцы ўказваюць “бязмежныя магчымасці ў самарэалізацыі” і камандзіроўкі “ў тым ліку за мяжу”. Але, каб уладкавацца, патрэбны стаж працы ў эканамічных структурах больш за 5 гадоў і досвед на кіруючай пасадзе — 3 гады.

Міністэрства юстыцыі шукае начальніка для айцішнікаў — кіраўніка аддзела інфармацыйных тэхналогій. Жадаючых пакуль няма.

“Спецыялісты, якія звязаныя з камп’ютарнымі тэхналогіямі, хочуць атрымоўваць вялікі заробак — і яны столькі і атрымоўваюць. А тыя ўмовы, якія мы можам прапанаваць, іх могуць не задаволіць”, — наракаюць у Мінюсце.

І агучваюць заробак у раёне васьмі мільёнаў. Сапраўды, у айцішнай канторы звычайнаму праграмісту могуць прапанаваць удвая болей.

У мінскі райвыканкам паўтара года шукалі намесніка начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва. Знайшлі толькі ўчора.

“У нас быў чалавек, які выконваў гэтыя абавязкі, але вакансія была ўвесь гэты час. У асноўным глядзелі на досвед і адукацыю, калі бралі на працу”, — тлумачаць у райвыканкаме.

А вось Міністэрства адукацыі вакансій не мае: прайшлі скарачэнні, гавораць у аддзеле кадраў.

“Вялікія скарачэнні былі ў канцы чэрвеня, таму ў нас нічога няма”, — кажуць у ведамстве.

Яшчэ ў красавіку гэтага году кіраўнік краіны падпісаў загад “Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, а таксама колькасці іх работнікаў", які прадугледжвае скарачэнне на 25%. Гэта, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дазволіла б павысіць заробкі чыноўнікам.

Фота: newsn.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі