Пра што Святлана Ціханоўская гаварыла ў Кангрэсе ЗША

Пра што Святлана Ціханоўская гаварыла ў Кангрэсе ЗША

17 сакавіка Святлана Ціханоўская выступіла ў Камітэце па міжнародных адносінах Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША на слуханнях па Беларусі і лідарстве жанчын.

Ціханоўская нагадала, што беларусы працягваюць пратэставаць. Ніводзін з прадстаўнікоў рэжыму не панёс адказнасці за злачынствы, хаця загінулі не менш за восем удзельнікаў пратэстаў. Пры гэтым яна згадала пра забітага сілавікамі Аляксандра Тарайкоўскага.

Згадваючы ўдзельніц пратэсту, Ціханоўская назвала Ніну Багінскую, Вольгу Хіжынкову і Алену Леўчанку, а таксама расказала пра журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову, асуджаных за сваю працу.

Ціханоўская заклікала да міжнароднай дапамогі і міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі — увесці персанальныя санкцыі супраць сілавікоў і кампаній, ад якіх Лукашэнка атрымлівае грошы. 

Амерыканскіх кангрэсменаў яна заклікала патрабаваць вызваленьня зняволеных журналістаў, падтрымаць грамадзянскую супольнасць Беларусі, беларускія дэмакратычныя каналы на Youtube і Telegram, а таксама СМІ, якія працуюць у Беларусі, перадае Радыё "Свабода".

Таксама Ціханоўская лічыць неабходным, каб у Беларусь прыехала амбасадарка ЗША Джулі Фішэр ды паспрабавала наведаць палітвязняў і палітычныя суды. Аднак яна заклікала не ўручыць даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку, каб не складалася ўражанне, быццам ён легітымны кіраўнік.

Ціханоўская заявіла, што беларусы гатовыя падтрымаць новыя санкцыі супраць рэжыму, нават калі гэта адаб'ецца на іх уласным дабрабыце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі