Вы тут

"Пра Ашурка ніхто не хацеў гаварыць": праваабаронца наведаў калонію ў Шклове

Шклоўская калонія​ / hrodna.life

Кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, старшыня Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі Таццяна Краўчанка і прадстаўнік Міністэрства юстыцыі наведалі калонію ў Шклове, дзе пры нявысветленых абставінах памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Візіт праходзіў у рамках маніторынгу месцаў зняволення, піша TUT.by.

— Наш візіт рыхтаваўся за некалькі тыдняў, таму спантанным яго, вядома, не назавеш, — кажа Алег Гулак. Паводле яго слоў, гасцей усюды суправаджалі прадстаўнікі адміністрацыі ПК, размаўляць з асуджанымі яны маглі толькі ў прысутнасці супрацоўнікаў турмы — гэтага патрабуюць нормы, устаноўленыя для камісіі.

— Пра Ашурка ніхто не хацеў гаварыць. Мне адказалі, маўляў, Следчы камітэт праводзіць праверку, таму нам не будуць паведамляць ніякіх падрабязнасцяў. Мы заходзілі ў ШІЗА, дзе быў Вітольд, гэта тое самае памяшканне, што паказана на відэа, якое апублікаваў СК. На момант нашага візіту ў штрафных ізалятарах было два асуджаныя, яны чакалі пераводу ў турму: за парушэнні ім змянілі рэжым адбыцця пакарання. Скаргаў у іх не было. Але паўтару: у момант зносін побач стаялі супрацоўнікі калоніі.

У час візіту Гулак падняў пытанне пра нашыўкі жоўтага колеру, якімі ў калоніях нібыта пазначаюць палітвязняў

— Мне растлумачылі, што гэта такая форма кантролю. Калі чалавек схільны да экстрэмізму, нападу на супрацоўнікаў папраўчай установы, ён атрымлівае каляровую нашыўку. Я так і не знайшоў адказу на пытанне, як гэтае пытанне рэгламентавана, як вырашаюць: вешаць на асуджанага нашыўку ці не. Зыходзячы з практыкі вынікае, што сам факт асуджэння па пэўных артыкулах, дзе фігуруе палітычная актыўнасць, ёсць падставай так пазначаць людзей. У час нашага візіту кінулася ў вочы, што людзі з каляровымі нашыўкамі заўсёды навідавоку: калі ідзе атрад, яны — у першых шэрагах, — кажа праваабаронца.

У размове з прадстаўнікамі камісіі асуджаныя асабліва не скардзіліся, расказвае Гулак:

— У час нашага візіту стаяла страшная спякота. Але ў калоніі, у адрозненне ад СІЗА, адкуль паступае шмат скаргаў, умовы лепшыя. Па-першае, няма такой цеснаты людзей. Па-другое, асуджаныя могуць перамяшчацца па тэрыторыі, выходзіць на вуліцу. Па-трэцяе, памяшканні праветрываюцца. Кандыцыянераў няма, але хоць бы адчыняюць вокны. У медчастцы, куды мы таксама заходзілі, быў адзін асуджаны сталага веку з цеплавым ударам, яму аказвалі дапамогу.

Кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта адзначыў, што ўмовы ўтрымання ў Школаўскай калоніі паступова паляпшаюцца.

Праца Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі паўтара года была на паўзе праз пандэмію каранавіруса. 24 чэрвеня камісію запрасілі ў папраўчую калонію №17 у Шклове па ініцыятыве Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, якому падпарадкоўваюцца ўсе папраўчыя ўстановы. Гэта здарылася праз месяц пасля смерці Вітольда Ашурка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.