Польскі эксперт: Нельга лічыць Грыбаўскайтэ амбасадаркай Лукашэнкі ў ЕС

У мінулы аўторак прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што літоўскія палякі не з’яўляюцца “лаяльнымі грамадзянамі”. Некаторыя прадстаўнікі літоўскай апазіцыі выказалі ў гэтай сувязі абурэнне. Так, экс-прэм’ер краіны Гедымінас Кіркілас лічыць такую заяву кіраўніцы краіны занадта катэгарычнай. Па каментарый наконт дадзенай сітуацыі мы звярнуліся да кіраўніка замежнага аддзелу „Gazety Wyborczej” Рамана Імельскага. 

Раман Імельскі: “Прэзідэнт Літвы вельмі моцна перабольшыла, калі назвала палякаў, якія жывуць у Літве, “нелаяльнымі”. Лічу, што прадстаўнікі польскай меншасці не патрабуюць ад літоўскіх уладаў чагосьці нерэальнага. Яны жывуць і хочуць жыць паводле дэмакратычных каштоўнасцяў”.

Паводле словаў журналіста, у савецкія часы польская школа ў Літве была ў лепшым стане, чым цяпер. Сёння ёсць шэраг фундаментальных пытанняў, па якіх літоўскі ўрад не жадае саступаць польскай меншасці.

Раман Імельскі: “Гаворка ідзе пра тое, каб назвы населеных пунктаў, вуліц пісаліся не толькі па-літоўску, але і па-польску, каб прозвішчы палякаў пісаліся таксама згодна з польскім алфавітам, а не літоўскім. Гэта асноўныя правы любой нацыянальнай меншасці, якая пражывае ў дэмакратычнай дзяржаве, тым больш у краіне, якая з’яўляецца сябрам Еўрасаюза”.


Акрамя “польскага” пытання, Раман Імельскі закрануў і “беларускае”, а менавіта вартыя ўвагі цёплыя адносіны Грыбаўскайтэ з беларускім кіраўніком.


Раман Імельскі: “У апошнія месяцы відавочна, што Літва прыязна ставіцца да Лукашэнкі. Літоўцы апошнімі ў Еўропе згадзіліся на ўвядзенне візавых і эканамічных санкцый для Беларусі. Былі ў Беларусі і Літвы агульныя энергетычныя праекты. Пакуль што, канечне, назваць Грыбаўскайтэ “амбасадаркай” Лукашэнкі ў ЕС нельга. На такую пазіцыю хутчэй прэтэндуе прэм’ер Італіі Берлусконі. І калі б не цяперашні эканамічны крызіс на Апенінах, ён бы больш цесна супрацоўнічаў з Лукашэнкам”.


Што датычыцца нядаўняй крытыкі літоўскім прэзідэнтам беларускай апазіцыі, Імельскі лічыць, што гэта мае сэнс, бо апазіцыя ў Беларусі слабая, і ў сённяшнім стане перамагчы рэжым яна не зможа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі