Вы тут

Польшча ўвяла забарону на знаходжанне старонніх у памежнай з Беларуссю зоне

На польска-беларускай мяжы​ / twitter.com/Straz_Graniczna

Польшча падоўжыла рэжым абмежаванняў на знаходжанне старонніх у памежнай з Беларуссю зоне. Дагэтуль на гэтай тэрыторыі дзейнічаў рэжым надзвычайнага становішча.

Забарона на прысутнасць старонних закране 183 населеных пункта, размешчаных на мяжы з Беларуссю на адлегласці каля 3 км ад яе. Тэрмін дзеяння распараджэння — з 1 снежня па 1 сакавіка 2022 года. Адпаведнае распараджэнне падпісаў кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Каміньскі.

На памежнай тэрыторыі могуць знаходзіцца толькі мясцовыя жыхары і тыя, хто тут працуе або вымушаны знаходзіцца па працы — лекары хуткай дапамогі, прадстаўнікі іншых экстранных службаў, дзяжурныя афіцэры і салдаты.

Пры гэтым захоўваецца магчымасць атрымаць дазвол для паездкі на гэтую тэрыторыю. Прэтэндаваць на яго змогуць у тым ліку і журналісты. Права выдаваць дазвол мае камандуючы памежнай службай.

Увесці асаблівы рэжым на прымежнай тэрыторыі Польшча была вымушана з-за вялікага патоку нелегальных мігрантаў, якія сталі трапляць у краіну з Беларусі. Рэжым надзвычайнага становішча быў уведзены ў пачатку верасня — першапачаткова на месяц. Затым у пачатку кастрычніка яго падоўжылі яшчэ на два месяцы. Нягледзячы на гэта, польская пагранслужба па-ранейшаму кожны дзень фіксуе спробы нелегальнага пераходу мяжы. У шэрагу выпадкаў мігранты настроеныя агрэсіўна і спрабуюць сілай прарвацца на тэрыторыю краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.