"Амаль у пяць разоў": Польша скарачае падтрымку Charter97.org

"Амаль у пяць разоў": Польша скарачае падтрымку Charter97.org

Польшча істотна скарачае фінансаванне апазіцыйнага сайта Charter97.org. Пра гэта паведамляе яго галоўная рэдактарка Наталля Радзіна

Па яе словах, 14 лютага яе запрасілі ў польскі Фонд міжнароднай салідарнасці. Прэзідэнт і дырэктар фонду Мацей Фалькоўскі і Аляксандра Ярашэвіч паведамілі, што сёлета падтрымка сайта ў параўнанні з мінулым годам "будзе скарочаная амаль у пяць разоў".

Па словах Радзінай, такое рэзкае скарачэнне фінансавання фактычна азначае знішчэнне сайта. 

"Польшча дапамагала нам пасля таго, як рэдакцыя сайта была разгромленая ў Беларусі, заснавальнік нашага сайта Алег Бябенін быў забіты, журналісты арыштаваныя, а я трапіла ў турму КДБ. У 2011 годзе рэдакцыю сайта запрасіла працаваць у Варшаву Міністэрства замежных спраў Польшчы, і на працягу гэтых гадоў асноўная дапамога аказвалася праз Фонд міжнароднай салідарнасці. Сёння нас дэманстратыўна пазбаўляюць падтрымкі ў дні прыезду ў Польшчу кіраўніка нелегітымнага беларускага "парламента" Міхаіла Мясніковіча. Мы ведаем, што афіцыйны Мінск даўно патрабуе ад польскіх уладаў спынення падтрымкі "Хартыі-97", — заявіла яна.

Галоўная рэдактарка спадзяецца на фінансавую падтрымку чытачоў. Пабачыць рэквізіты для падтрымкі "Хартыі'97" можна па гэтай спасылцы

FSM: пра пяцікратнае скарачэнне гаворкі не ідзе

Еўрарадыё звярнулася па каментар у Фонд міжнароднай салідарнасці. Нам пацвердзілі, што аб'ём падтрымкі сайта "Хартыя'97" можа быць скарочаны, аднак заўважылі, што пра пяцікратнае скарачэнне гаворкі не ідзе.

"Канчатковы аб'ём падтрымкі залежыць ад формы праекта, магчымасцяў FSM і гатовасці да супрацоўніцтва з боку "Хартыі'97", уклюна з працэдурамі, якія прымяняюцца да ўсіх партнёраў FSM, — дадалі ў фондзе. — На сённяшнім пасяджэнні FSM абвясціла аб сваёй гатовасці працягнуць падтрымку сайта "Хартыі'97" у гэтым годзе. Спадарыні Радзінай былі прапанаваныя магчымыя формы падтрымкі ў адпаведнасці з даступнымі для FSM сродкамі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі