Польшча стала масава адмаўляць беларусам у дзелавых і турыстычных візах — СМІ

Віза

Віза / migratop.com

Польшча стала масава адмаўляць беларусам у адкрыцці віз для дзелавых і турыстычных паездак. Таксама ёсць адмовы і па іншых відах віз — працоўныя і культурныя. Пра гэта піша сайт "Зеркало" са спасылкай на аналітыка маніторынгавай групы visastat.online Анастасію Лысакоўскую.

"Калі культурныя візы не маюць вялікага статыстычнага значэння ў польскім візавым трафіку, то працоўныя, дзелавыя і турыстычныя — наадварот, значнае. У нас няма дакладнай інфармацыі пра глыбінныя прычыны масавых адмоваў, але, верагодна, гэта звязана з візавым скандалам у польскім МЗС. Калі гэта так, меркаваць, што сітуацыя будзе паляпшацца, цяпер у нас падстаў няма. Таму што скандал вялікі і, хутчэй за ўсё, будзе працяглым", — кажа эксперт.

Скандал у Польшчы звязаны з вялікай колькасцю выдадзеных віз, у чым польскія СМІ ўгледзелі карпупцыйныя схемы.

Масавыя адмовы пачаліся з 14 верасня. Таксама, па словах Лысакоўскай, у працы візавых цэнтраў фіксуюцца збоі, звязаныя з прыпыненнем працы і памяншэннем колькасці дат.

У візах адмаўляюць і фізічным асобам, і буйным кампаніям, супрацоўнікі якіх ездзяць у Польшчу па працоўных пытаннях. Трапілі пад гэтую хвалю і айцішнікі. На думку экспертаў visastat.online, адмовы звязаныя не з якасцю падрыхтоўкі дакументаў і не з пераканаўчасцю мэтаў паездкі.

Лысакоўская адзначае, што менш станоўчых рашэнняў па візах сталі прымаць і іншыя краіны. Але гэта, па яе словах, хутчэй, тыповая сезонная практыка.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі