План “Перамога” перафарматуецца — Азараў

"Калі людзі захочуць зноў выходзіць на вуліцы..." / t.me/bypol/
"Калі людзі захочуць зноў выходзіць на вуліцы..." / t.me/bypol/

Прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аб’яднанага пераходнага кабінета, прадстаўнік BYPOL Аляксандр Азараў распавёў пра лёс плана "Перамога". Адбылося гэта на прэс-канферэнцыі Аб'яднанага пераходнага кабінета.

"План ад пачатку распрацоўваўся пад іншыя ўмовы, калі не было вайны ва Украіне і ніхто не меркаваў, што гэтая вайна будзе, — адказвае Азараў на пытанне "Зеркало". — Таму цяпер мы займаемся перафарматаваннем плана. Мы прыбіраем некаторыя спецыяльныя аперацыі, некаторыя перарабляем, дадаём новыя. Цяпер праца над планам працягваецца.

Многія кажуць: Чаму вы не запусцілі яго? План не запускаецца пад пэўныя даты. Ён можа быць запушчаны толькі пад пэўныя падзеі. Калі беларусы ў краіне будуць гатовыя штосьці рабіць. А не так, як цяпер, сядзець па дамах і баяцца.

Калі цяпер запускаць план, адпаведна людзі паглядзяць у акно і застануцца сядзець дома, падумаюць: няхай хтосьці ідзе, я пасля пагляджу. А мы павінны скарыстацца сітуацыяй, калі людзі захочуць зноў выходзіць на вуліцы, захочуць пратэставаць, будуць прасіць план нейкі...

Такога ў жніўні 2020-га не было, людзі проста бязмэтна хадзілі з адной вуліцы на іншую. Так што мы павінны быць гатовыя да гэтага моманту. Чакаем гэтага моманту. Вядома, яго можна штучна прыспешыць. У нас распрацаваны такія моманты. Але цяпер, пры наўянасці расійскіх войск, у сітуацыі, калі Лукашэнка плануе ўступіць у сухапутную ваенную аперацыю ва Украіне, пакуль запускаць план — гэта самазабойства. Таму мы чакаем пэўнага моманту, спрыяльнага моманту. І рыхтуемся да яго... Мы займаліся баявой падрыхтоўкай беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Мы і цяпер адправілі частку тых, хто прайшоў падрыхтоўку, ва Украіну для атрымання баявога вопыту...

На нас надзея ўсіх беларусаў. Няхай яны ведаюць, што мы будзем працягваць да канца, пакуль Лукашэнка не сыдзе, пакуль мы яго не прыбярэм ад улады. Пакуль у Беларусі не наступіць дэмакратыя".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі