Вы тут

Траціна беларусаў падтрымлівае вайну ва Украіне: вынікі новага апытання

Наступствы вайны часцей ацэньваюць негатыўна і для Беларусі, і для сябе / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Большасць беларусаў не лічаць, што заслужылі дрэннае стаўленне з боку Захаду, і баяцца, што Расія ўцягне Беларусь у вайну.

Chatham House спытаў у 823 рэспандэнтаў у інтэрнэце, што яны думаюць наконт вайны ва Украіне і як ацэньваюць уласныя перспектывы. Апытанне прайшло з 8 да 18 красавіка 2022 года. Выбарка адпавядае структуры гарадскога насельніцтва Беларусі і скарэктаваная па поле, узросце, памеры населеных пунктаў і ўзроўні адукацыі.

Таксама мы адзначаем ўплыў боязі рэспандэнтаў пры праходжанні апытання, што
таксама можа мець уплыў на вынікі
, — падкрэслівае Chatham House.

Статыстычная хібнасць вынікаў не перавышае 3,6%.
 

Праціўнікі вайны часцей вінавацяць сябе

Ваенныя дзеянні ва Украіне не падтрымліваюць 40% рэспандэнтаў. Разам з тым 32% сказалі, што дакладна падтрымліваюць ці хутчэй падтрымліваюць ваенныя дзеянні. Пры гэтым 28% не змаглі адказаць альбо ў чымсьці падтрымліваюць агрэсію Расіі, а ў чымсьці — не.

Наступствы вайны часцей ацэньваюць негатыўна і для Беларусі (53% апытаных), і для сябе (48%).

Якіх наступстваў чакаюць беларусы ад вайны ва Украіне / Chatham House

Не чакаюць нічога добрага ў эканоміцы. Пра рост цэн кажуць 66% апытаных, 63% чакаюць новых санкцый. 60% лічаць, што жыццё простага чалавека стане горшым. І толькі 10% глядзяць на перспектывы звычайных людзей пазітыўна.

Нягледзячы на ўмацаванне беларускага рубля да долара і еўра, 44% рэспандэнтаў чакаюць дэвальвацыі. Яшчэ 41% заяўляюць, што валюту ў найбліжэйшыя тры месяцы будзе немагчыма купіць. Пра закрыццё буйных прадпрыемстваў сказалі 29%.

Эканамічныя чаканні / Chatham House

Толькі 15% апытаных лічаць, што звычайныя беларусы вінаватыя ў тым, што з тэрыторыі Беларусі нападаюць на Украіну. Адпаведна, 56% думаюць, што беларусы не заслугоўваюць дрэннага стаўлення з боку заходніх краін, як расіяне. Затое 67% перакананыя, што адказваць давядзецца ўсім, паколькі санкцыі закрануць простых людзей.

Траціна беларусаў не ведае, як да іх павінны ставіцца на Захадзе / Chatham House

— Тыя, хто не падтрымлівае дзеянні Расіі, часцей лічаць беларусаў таксама вінаватымі ў канфлікце; у той жа час яны часцей думаюць, што не заслугоўваюць такога ж негатыўнага стаўлення, як расіяне, — паведамляе Chatham House.
 

Нейтралітэт стаў менш папулярным

Па пытаннях удзелу ў ваенных дзеяннях частка беларусаў стала радыкальнейшай. 6% рэспандэнтаў вырашылі ў красавіку, што варта прыняць удзел у баявых дзеяннях на баку Расіі (+3 адсоткавыя пункты ў параўнанні з сакавіком). Яшчэ 3% за ўступленне ў вайну на баку Украіны (+2 а. п.).

Больш за ўсё беларусаў усё ж лічаць, што ў ваенны канфлікт улазіць не варта, але трэба падтрымліваць Расію. Такіх 27% (-1 адсоткавы пункт да сакавіка). Таксама не хочуць удзелу ў вайне, але за падтрымку Украіны 11% (-4 а. п. да сакавіка).

Нейтралітэт і вывад замежных войскаў з Беларусі ўхваляюць 23% (-2 адсоткавыя пункты да сакавіка). Яшчэ 22% не ведаюць, як ставіцца да вайны проста за мяжой.

 

"І калі б за шэсць гадзін...", то нічога не здарылася б

— Беларусы не думаюць, што вайна перакінецца на тэрыторыю Беларусі, і ўпэўненыя, што беларускія войскі не будуць удзельнічаць у канфлікце. Аднак большасць асцерагаецца, што Расія ўцягне краіну ў вайну, — піша Chatham House.

Толькі 11% лічаць, што вайна пяройдзе на Беларусь. 53% не могуць адказаць, а 35% не думаюць, што такое здарыцца. Нягледзячы на даволі высокую падтрымку Расіі, 57% моцна асцерагаюцца, што Расія ўцягне Беларусь у вайну.

Словы Лукашэнкі пра прэвентыўны ўдар, якія сталі мемам, амаль для чвэрці рэспандэнтаў зусім не мем. 14% аказаліся цалкам згодныя са сцверджаннем, што, "калі б з боку Беларусі не быў нанесены прэвентыўны ўдар, армія Украіны атакавала б беларускія войскі". 10% сказалі, што хутчэй згодныя. 35% лічаць гэта сцверджанне няправільным, а 42% не могуць ацаніць.

Чаканні адносна ўдзелу ў вайне / Chatham House

У выпадку вайны ў абменнік пабягуць хутчэй, чым у войска

Таксама людзей папрасілі расказаць, што яны будуць рабіць, калі Беларусь уступіць у вайну на баку Расіі. Перш за ўсё, яны будуць закупляцца прадуктамі і лекамі. Так адказалі 29% апытаных. На другім месцы апынуўся адказ "працягну сваё звычайнае жыццё" — 28%. За ім "пачну эканоміць" — 24%. Збіраюцца хутка пакінуць краіну 10%, а 21% толькі падрыхтуюць рэчы для пераезду.

Не абышлося без тых, хто ў любой незразумелай сітуацыі будзе купляць валюту. Іх сярод беларусаў больш, чым гатовых ваяваць на баку Расіі. Калі ў абменнікі пойдуць 10% рэспандэнтаў, то ў шэрагі беларускага войска толькі 9%, а ўсяляк падтрымліваць удзел Беларусі ў вайне стануць 7%.

Як і ў сакавіцкім апытанні, нават па вельмі важных пытаннях сярод беларусаў шмат тых, хто не вызначыўся. 22% не ведаюць, што будуць рабіць у выпадку вайны.

— Нават у выпадку ўступлення ў вайну толькі 23% беларусаў лічыць, што вайскоўцы прымуць актыўны ўдзел у вайне супраць Украіны.

Чаго чакаць ад войска ў выпадку вайны, не ведае 31% жыхароў Беларусі. Астатнія думаюць, што войска настолькі не захоча ваяваць з Украінай, што пачнуцца адмовы ваяваць ці дрэннае выкананне загадаў.

Чаго чакаюць ад войска ў выпадку вайны з Украінай / Chatham House

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.