Піратэхніка адправяць у турму за ненаўмыснае забойства аператара фільма "Іржа"

Ханна Гут'ерэс-Рыд

Ханна Гут'ерэс-Рыд / bbc.com

Піратэхніка Ханну Гут'ерэс-Рыд адправяць на 18 месяцаў у турму за ненаўмыснае забойства аператара фільма "Іржа". Менавіта яна зараджала пісталет акцёра Алека Болдуіна, якім той выпадкова забіў аператара Галіну Хатчынс. Атрыманы 26-гадовай Гут'ерэс-Рыд тэрмін зняволення — максімальна магчымы за здзейсненае ёй злачынства. Рашэнне прысяжныя прынялі пасля трохгадзіннай нарады, паведамляе "Бі-Бі-Сі".

Па другім абвінавачванні аб падробцы доказаў па справе забойства Хатчынс піратэхніка прызналі невінаватай.

65-гадовага Болдуіна суд чакае ў ліпені. Яго таксама абвінавачваюць у ненаўмысным забойстве. Ён неаднаразова заяўляў, што невінаваты.

Трагедыя адбылася восенню 2021-га. Галіна Хатчынс была забітая стрэлам з пісталета, які замест халастога патрона аказаўся зараджаны баявым. Ханна Гут'ерэс-Рыд мусіла пераканацца, што зброя, якая выкарыстоўваецца на здымках, была зараджана рэквізітнымі халастымі патронамі, якія, аднак, выглядаюць і гучаць, як сапраўдныя. Абвінавачванне лічыць, што на здымках фільма адбываліся "пастаянныя і бясконцыя парушэнні тэхнікі бяспекі, якія прывялі да гібелі чалавека". Напрыклад, баявыя патроны піратэхнік прывезла са свайго дома і яны былі на здымках 12 дзён. Але здарылася гэта выпадкова, таму смерць Хатчынс "стала вынікам трагічнай халатнасці".

Бацькі і сястра загінулай Галіны Хатчынс сказалі, што задаволеныя прысудам. Яны лічаць, што адказнасць за свае дзеянні павінны панесці і "ўсе астатнія, хто так, ці інакш, вінаваты ў смерці Галіны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі