Педагагічны ўніверсітэт засяляе 87% студэнтаў, БДУ — 57%

“З панядзелка ўжо засялілася. У мяне няма льгот, засяляюць па вучобе. Сёлета селяць з сярэднім балам 9 і вышэй. А па льготах селяць дзяцей з няпоўнай сям’і, у каго ў сям’і інваліды…”, — пералічвае студэнтка другога курса Міжнародных адносінаў БДУ Ганна.

За інтэрнат яна плаціць 180 тысяч за месяц. Аднапакаёвую кватэру ў Мінску цяпер можна знайсці за 400 долараў.

БДУ сёлета заселіць больш за 57% студэнтаў. У параўнанні з мінулым годам месцаў стала на 1250 больш, адкрыўся інтэрнат пасля рамонту.

“У нас 11 тысяч тых, каму патрэбны інтэрнат. Але на Курчатава хутка ўвядзем у строй інтэрнат пасля рамонту”, — расказваюць у студгарадку БДУ.

Эканамічны ўніверсітэт новымі інтэрнатамі не абзавёўся, таму селіць, як і летась, толькі кожнага пятага студэнта з курса, якому патрэбна жыллё. Першакурснікам шанцуе болей.

“З першага курса засяляем 40%. Гэта па нашым палажэнні аб засяленні. Але інтэрнаты ў нас не дадаліся, як і летась”, — тлумачаць у студгарадку БДЭУ.

Ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі маюць 250 новых месцаў: адкрыўся цэлы блок пасля рамонту. Але 200 месцаў аддаюць іншаму ўніверсітэту — Нацыянальнаму тэхнічнаму.

“Сёлета выдзяляем БНТУ 200 месцаў, засяляюцца ў 4 інтэрнат. Таму, колькі адсоткаў заселім сваіх, сказаць не можам”, — гавораць у БДУІРы.

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт на сваім сайце, абяцае засяліць усіх першакурснікаў, калі тыя маюць такую патрэбу. Наконт усіх астатніх студэнтаў у студгарадку пакуль сказаць нічога не могуць.

Педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка засяляе сёлета ажно 87% студэнтаў і ўсіх першакурснікаў. Месцаў тут у параўнанні з мінулым годам стала на 10% больш. Інтэрнат ад гэтай ВНУ адкрыўся увесну пасля капрамонту.

Фота: kp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі