Вы тут

Пайшла з жыцця акторка Купалаўскага Галіна Талкачова

Народная артыстка Беларусі Галіна Талкачова / kupalauski.by​

Народная артыстка Беларусі Галіна Талкачова пайшла з жыцця. Яе не стала ў аўторак, 22 кастрычніка. Ёй было 86 гадоў. 

У 1957-м Талкачова скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, пасля чаго была залічана ў трупу Купалаўскага тэатра.

Талкачова грала Наташу ("Яшчэ раз пра каханне" Радзінскага), Марыю ("Святая святых" Друце), Ірыну, Гурмыжскую ("Апошняя ахвяра", "Лес" Астроўскага), Насцю ("На дне" Горкага), Ганну Андрэеўну ("Рэвізор" Гогаля), Голду ("Памінальная малітва" Горына) і гэтак далей. У кіно Талкачова амаль не здымалася.

У 1990-м ёй было прысвоена званне Народнай артысткі Беларусі.

У маладосці Талкачова была стылягай! Яна адна з першых пачала насіць штаны ў Мінску, часам іх даводзілася закочваць пад паліто, бо "маглі і пабіць". Пра гэта актрыса расказвала у юбілейным інтэрв'ю газеце "Мінскі Кур'ер". 

"Хадзіла па Брадвеі — ад Круглай плошчы да Валадарскага. Слухала забаронены джаз", — успамінала актрыса. 

У жніўні 2020-га, калі многія акторы Купалаўскага сышлі з тэатра, Талкачова засталася ў трупе. 

У апошнія гады ў спектаклях не ўдзельнічала па стане здароўя. 

Паведамленне пра месца развітання і пахаванне будзе пазней.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.