Паўла Севярынца і Аляксея Шэіна перавезлі ў спецпрыёмнік-размеркавальнік

Апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца і сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Аляксея Шэіна з Фрунзенскага УУС сталіцы перавезлі ў спецпрыёмнік-размеркавальнік ГУУС Мінгарвыканкама. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў актывіст незарэгістраванага "Маладога фронту" Барыс Гарэцкі. Ён і яшчэ некалькі сябраў затрыманых палітыкаў знаходзіліся каля будынка раённага ўпраўлення ўнутраных спраў падчас разбору з Севярынцам і Шэіным.

Паводле слоў Гарэцкага, у будынку знаходзілася адвакат Севярынца, аднак па патрабаванні міліцыянтаў яна мусіла пакінуць памяшканне. Нагадаем, Севярынец і Шэін былі затрыманыя прыкладна ў 20.30 на станцыі метро "Пушкінская" з прычыны таго, што маладыя людзі нібыта могуць мець дачыненне да нейкага кватэрнага крадзяжу.

Пра гэта Еўрапейскаму радыё з упраўлення міліцыі паведаміў Павел Севярынец. Падчас агляду асабістых рэчаў у актывістаў былі знойдзены 150 асобнікаў агітацыйных матэрыялаў з інфармацыяй аб правядзенні апазіцыйнымі сіламі 27 ліпеня акцый з нагоды гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

Гарэцкі таксама паведаміў, што прыкладна ў 21.30 на плошчы Якуба Коласа ў цэнтры Мінска былі затрыманыя чатыры актывісты незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт". Сярод іх Сяргей Клюеў і Сцяпан Луцэвіч. Маладзёнаў даставілі ў Савецкае УУС. Звязацца з імі няма магчымасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі