Пастар Антоній Бокун абскардзіў дзеянні міліцыі і рашэнні суда

8 чэрвеня пастар мінскай абшчыны "Іаан Прадцеча" Аб'яднанай царквы хрысціян веры евангельскай у Беларусі Антоній Бокун абскардзіў дзеянні міліцыі і рашэнні суда.
Па словах пастара, у суд Цэнтральнага раёна пададзена скарга на дзеянні старшага лейтэнанта міліцыі, участковага інспектара УУС Цэнтральнага раёна Мінска Андрэя Трушча, які склаў пратакол аб "нелегальным" богаслужэнні 27 мая, у выніку чаго пастар быў пазбаўлены свабоды на суткі, а таксама на намесніка начальніка аддзела па ахове правапарадку УУС Цэнтральнага раёна, маёра міліцыі Аляксандра Радзюкевіча, які затрымаў Бокуна падчас богаслужэння 3 чэрвеня і склаў пратакол аб "парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах", а затым прадоўжыў затрыманне да суда".

На думку пастара, Радзюкевіч незаконна парушыў недатыкальнасць яго жылля, канстытуцыйнае права на свабоду веравызнання, а таксама незаконна прымяніў да яго адміністрацыйнае затрыманне да суда.

Апрача таго, Бокун абскардзіў у Мінскім гарадскім судзе пастановы суддзяў Цэнтральнага раёна сталіцы Леаніда Ясяновіча і Таццяны Паўлючук ад 28 траўня і 4 чэрвеня аб накладанні штрафу ў памеры 620 тысяч рублёў і адміністрацыйнага арышту на трое сутак за "правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства".

Пастар просіць прызнаць незаконнымі прымененыя да яго дзеянні міліцыі і пастановы суда Цэнтральнага раёна. Нагадаем, што 27 траўня і 3 чэрвеня пастар Бокун быў затрыманы за правядзенне богаслужэння ў жылым доме, а 28 траўня і 4 чэрвеня, адпаведна, аштрафаваны і падвергнуты адміністрацыйнаму арышту. Прычым, ночы перад судом ён правёў у спецпрыёмніку-размеркавальніку.


БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі