Вы тут

Пасол Джулі Фішэр сустрэлася з Паўлам Латушкам, абмяркоўвалі беларускі крызіс

Джулі Фішэр і Павел Латушка / @latushka

Прызначаны амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр правяла напярэдадні ў Варшаве шэраг сустрэч, дзе абмеркавала беларускую сітуацыю і пазіцыю Вашынгтона па гэтым пытанні.

Амерыканскі дыпламат сустрэлася сярод іншага з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Марцінам Пшыдачам і лідарам Народнага антыкрызіснага кіравання (НАК) Паўлам Латушкам.

У ходзе сустрэчы ў польскім МЗС амбасадар падкрэсліла, што ЗША занепакоеныя парушэннямі правоў чалавека і асноўных свабод беларускага народа з боку ўлад.

На сустрэчы з Паўлам Латушкам таксама абмяркоўваўся крызіс у Беларусі. Але казалі таксама і аб перспектывах развіцця беларуска-амерыканскіх адносін, распавёў кіраўнік НАК у телеграм.

Па словах Латушкі, ЗША ў рамках нядаўна прынятага "Акту аб дэмакратыі ў Беларусі" маюць намер актыўна падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць. Акрамя таго, Вашынгтон гатовы задзейнічаць усе магчымыя механізмы, каб Беларусь захавала суверэнітэт.

На гэтай сустрэчы Джулі Фішэр таксама паведаміла, што плануе сустрэнецца і з іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку і са Святланай Ціханоўскай.

Больш за 12 гадоў амерыканскае пасольства ў Мінску і беларускае ў Вашынгтоне працавалі без паслоў. Джулі Фішэр зацвердзілі кіраўніком дыпмісіі ў Беларусі толькі ў сярэдзіне снежня. Яе кандыдатура была аднагалосна адобрана Сенатам.

З Мінска ў Вашынгтон у якасці пасла павінен быў адправіцца намеснік кіраўніка МЗС Алег Краўчанка, але ў снежні ён раптоўна памёр. Вакансія беларускага амбасадара ў ЗША зноў адкрытая.

У пачатку гэтага тыдня стала вядома, што Джулі Фішэр з 1 па 8 лютага правядзе кансультацыі ў шэрагу еўрапейскіх гарадоў. Тэма кансультацый — сітуацыя ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.