Вы тут

Пасол Беларусі ў Аргенціне падаў другое прашэнне аб адстаўцы

Уладзімір Астапенка (злева) / Фота пасольства Беларусі ў Аргенціне

Уладзімір Астапенка адклікаў першае прашэнне аб адстаўцы і падаў новае. Першы раз адзін з самых дасведчаных беларускіх дыпламатаў прасіў звольніць яго па пагадненні бакоў. Гэта прашэнне ён напісаў у дзень "тайнай" інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

"Ніякай рэакцыі на гэта не атрымаў", заявіў Астапенка парталу TUT.BY.

У аўторак 27 кастрычніка ён адклікаў першае прашэнне і напісаў новае. У ім дыпламат просіць вызваліць яго ад пасады ўжо па іншай прычыне — у сувязі з парушэннямі заканадаўства, якія дапусціў наймальнік і якія робяць немагчымым "выкананне працы па працоўным дагаворы".

Фальсіфікацыя выбараў і гвалт ставяць пад пытанне легітымнасць кіраўніка дзяржавы і вядуць да міжнароднай ізаляцыі Беларусі. Па словах Астапенка, у гэтых умовах ён не можа добрасумленна выконваць свае абавязкі, "знаходзячыся ў падначаленні ў асобы, якая не мае права выказваць волю беларускага народа".

Астапенка з'яўляецца адным з самых дасведчанных дыпламатаў. Скончыў МДІМА. У беларускім МЗС з 1985 года. У пачатку 90-х быў намеснікам міністра замежных спраў, працаваў у беларускіх місіях у Нідэрландах, Бельгіі, на Кубе. У пачатку нулявых сыходзіў з МЗС, быў прарэктарам па міжнародных справах БДУ пры Аляксандры Казуліне. З 2018 года узначальвае амбасаду ў Аргенціне.

Раней з-за нязгоды з палітыкай уладаў з МЗС звольніліся шэраг супрацоўнікаў. У адстаўку сышлі як работнікі цэнтральнага апарата, так і дыпмісій Беларусі пры Еўрапейскім Саюзе, Славакіі, Латвіі, Польшчы, Індыі і іншых краін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.