Вы тут

Пасля капітальнага рамонту мінскі шматпавярховік стаў рассыпацца на вачах

ont.by

Жыхары шматпавярховіка на вуліцы Аэрадромнай у Мінску зусім не радыя, што ў іх пачаўся капітальны рамонт. Будынак рассыпаецца на вачах, хоць навокал ​​дзясятак рабочых. Камунальнікі заяўляюць, што працуюць у адпаведнасці з рэгламентам, паведамляе тэлеканал АНТ.

Дом пабудаваны амаль паўстагоддзя таму, і з таго часу капітальны рамонт тут не рабіўся. Першая спроба прывесці дом у парадак была ў 2011 годзе, але тады на рамонт грошай не хапіла. Праз тры гады вакол яго разгарнулася будоўля, аднак неўзабаве зноў знікла.

Жыхарка дома Тамара Сотнікава кажа, што пасля рамонту шмат браку. Злівы для вады крывыя, таму сцяну паступова з'ядае цвіль. Пасля рабочых засталіся бруд, смецце, разводы ад цэменту. Будынак уцяплілі, але чамусьці не цалкам, а толькі з чацвёртага паверха. 

Іншая мясцовая жыхарка звяртае ўвагу на тое, што фарба ў пад'ездзе кавалкамі асыпаецца са сцен. А з дзірак, якія пакінулі рабочыя, часам можна ўбачыць пацучыную пыску.

Тым часам будаўнікі запэўніваюць, што ўсё зроблена ў адпаведнасці з планам.

Цясляр Аляксандр Харчоў: "Тое, што ў нас у каштарысе ёсць, тое мы і робім. Аднаўляем дарожкі, бардзюры. Гэта ёсць у каштарысе. А астатняе — пляцоўкі там, мы не тынкуем, бо няма ў каштарысе".

Жыхары склалі адразу некалькі калектыўных скаргаў, але атрымалі адзін і той жа адказ: "Праектам не прадугледжана!" 

Шматпавярховік знаходзіцца на балансе Беларускай чыгункі. Але пасля рамонту яго плануюць аддаць на баланс горада. Жыхары асцерагаюцца: калі гэты рамонт прызнаюць зробленым, дык новага не будзе яшчэ шмат гадоў.