Вы тут

Пашыняну варта сустрэцца з Ціханоўскай — экс-дарадца кіраўніка МУС Арменіі

Сцяпан Грыгаран​ / 1in.am

Аляксандр Лукашэнка злятаў на гэтым тыдні ў Баку, дзе, апроч іншага, назваў Нагорны Карабах "вернутымі тэрыторыямі" і ў цэлым станоўча выказаўся пра поспехі Азербайджана ў леташняй вайне супраць Арменіі — хаўрусніка Беларусі па АДКБ. Армянскі дыпламат, экс-дарадца міністра ўнутраных спраў краіны Сцяпан Грыгаран у каментары Еўрарадыё выказаўся пра тое, што не рэкамендаваў бы Пашыняну пасля гэтага сустракацца з Лукашэнкам.

— Я б параіў Пашыняну выказаць свой пункт гледжання: што ён не паедзе, таму што Беларусь няправільна сябе павяла ў час вайны, таму што і ўзбраенне беларускае было выкарыстана супраць арміі Нагорнага Карабаха, і палітычныя заявы ў час вайны былі відавочна не на карысць Арменіі, — выказаўся Грыгаран. — Ён павінен заявіць, чаму не паедзе. Не кулуарна адмовіцца, а заявіць. У тым ліку таму, што Беларусь няправільна сябе павяла, і таму, што легітымнасць Лукашэнкі пад пытаннем.

Пры гэтым Грыгаран упэўнены, што заходні свет не дапусціў бы ўзброенага канфлікту ў Нагорным Карабаху восенню 2020 года, калі б Пашынян знайшоў у сабе сілы сустрэцца з Ціханоўскай.

— Здавалася б, якое дачыненне Ціханоўская мае да канфлікту ў Карабаху? Проста, калі б ён сустрэўся з Ціханоўскай, такі рэйтынг быў бы ў Арменіі ў добрым сэнсе, такі рэйтынг, як у краіны, якая ідзе (і сапраўды ідзе) па дэмакратычным шляху... Ніхто б не дапусціў, каб супраць нас развязалі вайну. Ніхто б гэтага проста не дапусціў у сусветнай супольнасці.

Грыгаран аргументуе сваё меркаванне тым, што ЗША і Еўропа не ведалі, як сябе паводзіць і наколькі варта было падтрымліваць афіцыйны Ерэван. Але сустрэча з Ціханоўскай "закрыла б усе пытанні".

— Я б і цяпер яму рэкамендаваў сустрэцца з Ціханоўскай або зум-канферэнцыю правесці з ёй.

Гаворачы пра перспектывы беларуска-армянскага супрацоўніцтва, Грыгаран адзначае, што да пазачарговых выбараў у Арменіі (яны прызначаныя на 20 чэрвеня) наўрад ці варта чакаць нейкіх змен. Пры гэтым ён рэкамендаваў бы МЗС Арменіі адрэагаваць на выказванні Лукашэнкі ў Баку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.