Паплечнікі Нямцова абнародавалі яго даклад па Украіне (відэа)

У баях на ўсходзе Украіны ў жніўні 2014-га і на пачатку 2015 года загінулі не менш за 220 расійскіх салдатаў. Такая лічба называецца ў дакладзе, які рыхтаваў забіты ў лютым палітык Барыс Нямцоў. Даклад "Пуцін. Вайна" закончылі яго паплечнікі і абнародавалі ў аўторак, перадае BBC.

Даклад Нямцова дапрацавалі яго паплечнікі па партыі РПР-Парнас, журналісты, а таксама эканаміст Сяргей Аляксашанка. У дакуменце сцвярджаецца, што ў жніўні 2014-га пад Ілавайскам і ў іншых кропках канфлікту на Данбасе загінулі не менш за 150 расійскіх салдатаў, а сёлета на пачатку года ў раёне Дэбальцава — яшчэ каля 70 расійскіх вайскоўцаў. Сваякі загінулых дэсантнікаў не маглі атрымаць кампенсацый.

Даклад Нямцова апублікаваны на сайце "Адкрытай Расіі". Ён складзены на аснове адкрытых звестак і інфармацыі, атрыманых палітыкам ад сваякоў загінулых салдат. Як адзначае РБК, надрукаваны даклад толькі ў 2000 асобнікаў.

Паводле ацэнкі Аляксашанкі, за дзесяць месяцаў Расія выдаткавала на ўкраінскую вайну да 53 расійскіх мільярдаў рублёў.

Нагадаем, што Барыс Нямцоў быў забіты ў Маскве ў ноч на 28 лютага. Пасля яго смерці стала вядома, што ён працаваў над дакладам пра ўдзел расійскіх вайскоўцаў ва ўкраінскім канфлікце на баку сепаратыстаў.

Афіцыйны Кіеў, заходнія палітыкі і NATO неаднаразова заяўлялі пра ўдзел расійскіх войскаў у канфлікце. Тым часам Масква заяўляе, што на баку сепаратыстаў ваююць толькі добраахвотнікі, а не рэгулярныя часці.

Фота ВВС: У запісцы Нямцова, якую паказаў Ілля Яшын, гаворыцца: "На мяне выйшлі дэсантнікі з Іванава. 17 забітых, грошай не далі. Але пакуль баяцца гаварыць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі