Панкі Blagi Mat!!! выдалі канцэптуальны дэбютнік-бэст (слухаць)

Гурт Blagi Mat!!! прадстаўляе канцэптуальны альбом "The Blagest Of Mat!!!", на якім бунтуе супраць бруду са дна грамадства.

“Ад панку тут вострасацыяльны пратэст. Але я маю на ўвазе не палітыку, а жарты супраць кепскіх сацыяльных з’яваў, — распавядае Еўрарадыё пра канцэпцыю альбома лідар Ігар Загумёнаў. — Мы жартуем супраць гопнікаў, супраць “калхознікаў”, п’янства і ўсёй той дрыгвы, якая тут яшчэ не скончылася, яшчэ адбываецца”.

У дэбютнік увайшло 10 кампазіцый. Збольшага яны вядомыя па “жывых” выступах Blagi Mat!!!. Саўндпрадзюсарам пласцінкі выступіла Марыя Андрэеўна з творчага аб’яднання T(e)=Art. Звядзеннем і майстэрынгам дыску займаўся гітарыст The Toobes Канстанцін Пыжоў.

У бліжэйшых планах гурта эксперыменты з этнікай і industrial праз прызму панку ды року, працягвае Ігар Загумёнаў:

“Мы ўжываем самыя галоўныя атрыбуты року. Гэта надрыўны голас, што раблю я сам, драйвовая гітара, якую таксама раблю я сам, і бубны, за якімі Аляксей Яфрэменка, ветэран беларускага року і таксама стваральнік Blagi Mat!!!. Астатняе робіць камп’ютар”.

Канцэрт-прэзентацыя “The Blagest Of Mat!!!” адбудзецца 15 чэрвеня ў парку Dreamland.

Фота: Ultra-Music.com