Вы тут

Памёр Віктар Жалабковіч — адзін з тых шасцёх, хто выжыў у Хатыні

Віктар Жалабковіч (злева), Святлана Клімовіч і Уладзімір Яскевіч — дзецьмі яны выжылі ў Хатыні / Віктар Драчоў, sputnik.by

24 мая памёр Віктар Жалабковіч — адзін з шасцёх жыхароў вёскі Хатынь, якія засталіся ў жывых пасля карнай аперацыі паліцаяў 22 сакавіка 1943 года. Яго смерць "Нашай Ніве" пацвердзілі супрацоўнікі Мемарыяльнага комплексу "Хатынь". Па іх словах, Ядзвіга Андрэеўна, жонка Жалабковіч, цяпер у бальніцы.

Віктар Жалабковіч нарадзіўся ў 1934 годзе. Калі здарылася трагедыя, яму было сем гадоў, хаця дакладна ён не ведае — дакументы згарэлі.

"У гэты дзень у вёсцы былі партызаны. Мы з бацькам пайшлі на ток — ён рэзаў сечку, а я катаўся на арэлях, якія ён змайстраваў для мяне. І раптам пачуліся стрэлы, некалькі выбухаў",распавядаў Віктар.

Сям'я схавалася ў склепе пад домам, але паліцаі знайшлі іх і пагналі да калгаснага гумна. Ніводны дарослы не змог схавацца.

Фашысты падпалілі хлеў — імгненна ўспыхнула саламяная страха. Пад напорам дзясяткаў людзей дзверы не вытрымалі і ўпалі, але жыхароў Хатыні, якія выратаваліся ад агню, расстрэльвалі з кулямётаў.

"Мы з мамай выскачылі з хлява і патрапілі пад шквал агню. Далёка сысці не атрымалася, ўпалі. Ад страху прыціснуўся да матчынага цела і адчуў рэзкі штуршок. Гэта была куля, якая забіла маму, а мяне чыркнула па плячы. Я сказаў шэптам: «Мяне параніла». Але ў адказ нічога не пачуў", — прыгадвае Віктар Жалабковіч.

Сведкамі хатынскай трагедыі прызнаныя шэсць чалавек: 56-гадовы каваль Іосіф Іосіфавіч Камінскі і пяцёра дзяцей: Антон Бараноўскі, Аляксандр Жалабковіч, Уладзімір Яскевіч, Соф'я Клімовіч (Яскевіч) і Віктар Жалабковіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.