Вы тут

Памёр праваабаронца Сяргей Кавалёў — ён займаўся і беларускім пытаннем

Сяргей Кавалёў / Радыё "Свабода"​

Не стала савецкага дысідэнта і расійскага праваабаронцы Сяргея Кавалёва. Ён памёр у панядзелак на 92-м годзе жыцця. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook яго сын Іван Кавалёў.

"Бацька памёр сёння, у сне, раніцай 9 жніўня", — напісаў Іван.

Кавалёў — біёлаг па адукацыі, з 50-х гадоў актыўна выказваў сваю грамадскую пазіцыю, выступаў супраць атак на генетыку, пазней збіраў подпісы ў абарону Сіняўскага і Даніэля, якія былі асуджаныя за публікацыю сваіх кніг за мяжой. З 1968 года стаў актыўным удзельнікам руху ў абарону правоў чалавека ў СССР. У 70-я Кавалёў быў арыштаваны па абвінавачванні ў "антысавецкай агітацыі і прапагандзе", атрымаў тэрмін — 7 гадоў пазбаўлення волі і 3 гады высылкі.

У постсавецкай Расіі Кавалёў стаў адным з аўтараў расійскай Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна і 2-га раздзела Канстытуцыі "Правы і свабоды чалавека і грамадзяніна".

Ён займаўся і беларускай тэмай. У нулявыя гады ўзначальваў камісію Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па расследаванні знікненьняў вядомых беларускіх палітыкаў.  Ён схіляўся да меркавання, што да знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага маглі быць датычныя беларускія ўлады.

"Я маю ўсе падставы падазраваць, я падкрэсліваю гэтае слова, што гэта не маё катэгарычнае сцверджанне, але гэта вельмі сур'ёзнае падазрэнне ў тым, што Лукашэнка наўпрост мае дачыненне да гэтых знікненняў і, хутчэй за ўсё, забойстваў", — цытавала Сяргея Кавалёва беларуская служба Радыё "Свабода".

Калі ў 2003 годзе сябры камісіі хацелі наведаць Мінск, каб на месцы разабрацца ў гісторыі са знікненнем палітыкаў, ім адмовілі ў гэтым праве. Беларускія ўлады пагадзіліся толькі на сябра юрыдычнага камітэта Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Хрыстаса Пургурыдэса. Старшыні камісіі Сяргею Кавалёву ў праве наведаць Мінск афіцыйна адмовілі.

"Наогул непасрэдна з сябраў камісіі нікога не запрасілі, таму ў Мінск паедзе толькі адзін прадстаўнік ПАРЕ, дакладчык юрыдычнага камітэта спадар Пургурыдэс",казаў тады Кавалёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.