Вы тут

Памёр галоўны рэдактар Аўтарадыё Юрый Базан

24 верасня сышоў з жыцця заснавальнік і галоўны рэдактар Аўтарадыё Юрый Базан. Яму было 53 гады. Пра гэта ў фэйсбуку паведамляе былая намесніца рэдактара Ірына Барысенка са спасылкай на сваякоў памерлага:

"Трагедыя. Сышоў чалавек, які стаяў ля вытокаў прыватнага радыёвяшчання Беларусі. Базана Юрыя Мікалаевіча больш няма".

Прычына смерці не паведамляецца. Па папярэдняй інфармацыі пахаванне адбудзецца ў аўторак 27 верасня. 

Нагадаем, Аўтарадыё пачынае вяшчанне ў 1992 годзе. У 2001 годзе атрымлівае частату 105,1 FM і набірае папулярнасць як адзіная радыёстанцыя, якая круціць у эфіры беларускую музыку, у тым ліку і забароненыя гурты кшталту N.R.M., "Крамбамбулі", "Ляпіса Трубяцкога",  Neuro Dubel, "Крама" і т.д. 

У 2009 годзе Аўтарадыё і Еўрарадыё ладзяць сумесны праект ЕўраZOOM, за які Аўтарадыё атрымлівае папярэджанне ад Мінінфармацыі за "невыкананне канцэпцыі творчага вяшчання". У выніку, каб не страціць частату і ліцэнзію Аўтарадыё, праект быў спынены. 

Аўтарадыё зачынілі ў 2011 годзе нібыта за распаўсюд інфармацыі, якая "ўтрымлівала публічныя заклікі да экстрэмістскай дзейнасці." Насамрэч, так улады адрэагавалі на агітацыйныя ролікі кандыдата ў прэзідэнты 2010 года Андрэя Саннікава, якія круціліся ў эфіры, дзе ён казаў, што "лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы". Аспрэчыць праз суд рашэнне аб закрыцці Аўтарадыё не атрымалася.

Еўрарадыё выказвае шчырыя спачуванні сваякам і блізкім Юрыя Базана.