Вы тут

Пампеа: Ганконг больш не мае аўтаноміі ад КНР

Затрыманыя ў Ганконгу ўдзельнікі чарговай акцыі пратэсту, 27 траўня 2020-га / Reuters

Ганконг больш не мае аўтаноміі ад КНР, "улічваючы сітуацыю на месцы". Такую заяву зрабіў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. Ён напісаў у Twitter, што паведаміў Кангрэсу пра сітуацыю з Ганконгам. Пры гэтым Злучаныя Штаты падтрымліваюць яго народ, піша Пампеа.

Аўтаномія Ганконга была прадугледжана, калі ў 1997 годзе Пекін атрымаў гэтую тэрыторыю ад Вялікабрытаніі. Міжнародная дамова была падпісана пры ўдзеле ААН. Майк Пампеа нагадаў, што Дзярждэп ЗША, у адпаведнасці з законам аб палітыцы ў дачыненні да Ганконга, абавязаны ацэньваць ступень яго аўтаноміі ад Пекіна. Аднак цяпер сітуацыя зусім іншая. Пампеа падкрэсліў: Вашынгтон спадзяваўся, што "свабодны і квітнеючы Ганконг стане ўзорам для аўтарытарнага Кітая, але цяпер відавочна, што Кітай мадэлюе Ганконг на свой узор".

Ці будуць ЗША рабіць нейкія захады для вяртання рэальнай аўтаноміі Ганконга, пакуль невядома. Гэта маглі б быць санкцыі супраць КНР.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.