Вы тут

Памочніца пракурора, якую выгналі з жытла, — абвінаваўца журналістак "Белсата"

Аліна Касьянчык / "Наша Ніва"

Памочніцай пракурора, якую выселілі з арандаванай кватэры, апынулася вядомая дзяржабвінаваўца Аліна Касьянчык — удзельніца гучных палітычных працэсаў, паведамляе Радыё "Свабода". У прыватнасці, яна была дзяржабвінаваўцай на судзе журналістак "Белсата" Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай, якім прысудзілі па два гады калоніі.

Як распавядала Еўрарадыё, мінчанка здала пракурорскай работніцы кватэру. Але калі пачаліся палітычныя суды, гаспадыня жытла ў аднабаковым парадку скасавала дамову. За гэта на яе пачалі крымінальную справу, абвінаваіўшы ў парушэнні раўнапраўя грамадзян (арт. 190 КК). 

Адвакат, які працаваў на праверцы гэтай справы, распавёў "Свабодзе", што Касьянчык сама пагадзілася скасаваць дамову арэнды кватэры.

"Сапраўды, дзяўчына звярнулася да памочніцы пракурора Касьянчык, якая здымала ў яе кватэру, з прапановай скасаваць дамову. Тая пагадзілася зрабіць гэта пры згодзе бакоў, што пацвярджаецца пагадненнем, якое абодва бакі падпісалі. Варта адзначыць, што ініцыятарам самой сустрэчы ў ЖЭС была менавіта Касьянчык. Гэта выключна грамадзянска-прававыя адносіны. Бакі маюць права скасаваць дамову, ніякага прымусу не было, размовы пра гэта ў матэрыялах справы не ішло і не ідзе. Сама Касьянчык, падпісаўшы пагадненне, пацвердзіла сваю згоду, а значыць, ніякія правы парушаныя не былі", — кажа ён.

Аднак у Заводскай пракуратуры сталіцы палічылі, што ёсць парушэнне закону, бо гаспадыня кватэры, маўляў, "паддалася інфармацыйнаму ўплыву" і свядома "парушыла правы, свабоды і законныя інтарэсы пацярпелай выключна ў сувязі з займанай ёй пасадай". Цяпер ёй пагражае да двух гадоў зняволення. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.