Палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева асуджана на 8 гадоў калоніі

13 ліпеня палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева асуджана на 8 гадоў і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму. Яна "прызнана вінаватай у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь". Такое рашэнне вынес суддзя Алег Харошка, паведамляюць праваабаронцы. Вясной 2022-га стала вядома, што Андрэеву вінавацяць у "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК). У лютым яе перавялі з гомельскай папраўчай калоніі №4 у СІЗА № 3 Гомеля. Закрыты працэс пачаўся 4 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе. Сутнасць абвінавачання невядомая. Справай займалася ўпраўленне КДБ па Гомельскай вобласці.

Кацярына Андрэева знаходзіцца за кратамі з 15 лістапада 2020 года. У лютым 2021-га была асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі за стрым з акцыі памяці забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі з "Плошчы Перамен" у Мінску. Яе разам з Дар'яй Чульцовай прызналі вінаватай у "арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 КК). Андрэева і Чульцова сваёй віны не прызналі. Яны прызнаныя палітзняволенымі. На волю Кацярына Андрэева мусіла выйсці 5 верасня 2022 года. Аднак яе вырашылі пакінуць за кратамі і надоўга.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.