Вы тут

Палітызацыя ў грамадстве, нягледзячы на страх, не спадае — сацыёлаг Коршунаў

Генадзь Коршунаў / minsknews.by

Напружанне ў беларускім грамадстве, нягледзячы на стомленасць і страх, не спадае, кажа былы дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў.

Ён быў вымушаны з'ехаць з Беларусі. У цяперашні час працуе старшым даследчыкам аналітычнага Цэнтра новых ідэй і займаецца вывучэннем масавай свядомасці і грамадскіх настрояў.

"Ступень напружання не падае, яна захоўваецца на ранейшым узроўні", — заявіў ён у інтэрв'ю "Народнай волі".

Хоць у грамадстве і назапасілася стомленасць. Коршунаў спасылаецца на дадзеныя брытанскага аналітычнага цэнтра ў галіне міжнародных адносінаў Chatham House. Паводле звестак цэнтра, у Беларусі "намеціўся сыход у так званую "шэрую зону", калі людзі ўсё больш і больш пачынаюць адмаўляцца ад любых палярных выказванняў, калі выбіраюць варыянты "цяжка адказаць". Але гэта, на думку Коршунава, не звязана са зніжэннем палітызацыі. Людзі адчуваюць стомленасць і страх, але "напружанне ёсць і яно нікуды не сыходзіць — гэта факт", дзеліцца ён сваімі назіраннямі.

Коршунаў расказаў пра звальненне з Інстытута сацыялогіі. Ён пайшоў па пагадненні бакоў, паступіў у дактарантуру. Але і там пачаліся чысткі, адтуль таксама давялося сысці. Тым не менш Коршунаў мае намер з часам абавязкова вярнуцца ў Беларусь.

"Я заўважыў: многія з тых, хто з'ехаў, імкнуцца не называць сябе эмігрантамі, кажуць пра сабе як пра "беларусаў замежжа". Яны быццам проста ў працяглай камандзіроўцы", — дзеліцца ён сваімі назіраннямі.

На думку сацыёлага, калі сітуацыя зменіцца, вярнуцца дадому захочуць многія беларусы. Але нават "тыя, хто фізічна не вернецца ў Беларусь, усё роўна будуць дзейнічаць на карысць краіны, старацца сваімі навыкамі і кампетэнцыямі дапамагаць Беларусі".

Мінулай восенню Генадзь Коршунаў быў госцем Еўрарадыё. У эфіры ён разважаў пра тое, як 2020 год паўплываў на беларускае грамадства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.