Вы тут

Сацыёлаг Коршунаў: “Шчырай падтрымкі ўлады я не бачу”

На мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі 16 жніўня 2020 года / Reuters

Аналітыкі і навукоўцы працягваюць высвятляць, што стала чыннікам масавых пратэстаў у Беларусі і чым усё скончыцца — асабліва з улікам таго, што рэжым ні на хвіліну не змяншае ціск на грамадства.

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў кажа, што падзеі ў Беларусі — рэвалюцыйныя, пры гэтым не толькі ў палітычным сэнсе.

У тым сэнсе, што гэтага не было пакуль нідзе ні ў якай краіне. Таму што наша рэвалюцыя беларуская — яна амаль выключна гарызантальная, яна адбываецца фактычна без лідараў, таму што іх альбо саджаюць, альбо выціскаюць з краіны, альбо ўсялякім чынам замінаюць кантактаваць, арганізоўваць грамадства. 

Таму наша субʼектнасць пакуль размеркаваная, яна гарызантальная, — лічыць навуковец. — Звычайна ўсё робіцца ў іерархіі: ёсць лідар, у яго ёсць каманда, нейкія арганізацыі — усё гэта ідзе да грамадства, людзі слухаюць, што ім кажуць, і выконваюць. 

У нас гэтага не здарылася, хоць ёсць шэраг арганізацый і мы бачым, што для таго стану, у якім яны знаходзяцца, з тым абмежаваным рэсурсам яны робяць надзвычай шмат. Рэспект ім і, як кажуць, “уважуха”.

Па словах Коршунава, цяпер у Беларусі вынішчаюцца не толькі спробы самаарганізацыі:

Вынішчаецца любая кропка, патэнцыйная нават, любой супольнай дзейнасці, якая хоць крыху адрозніваецца ад афіцыйнай. Але гэтую размеркаваную субʼектнасць знішчыць нельга. Адзінае, што можа рабіць улада і што яна робіць, — яна вынішчае любыя магчымасці гэтай гарызантальнай субʼектнасці сканцэнтравацца на нечым, зрабіць нейкую агульную дзею. У чым моц гэтай гарызанталі? Яе знішчыць нельга.

Шмат размоў сёння і пра тое, што грамадства падзеленае. Але тут шмат нюансаў, асабліва калі гаварыць пра тых, хто “ні за тых, ні за тых”.

Калі казаць пра лічбы, тут вельмі цікавая рэч. Грамадства падзеленае: дзесьці 35-40 адсоткаў тых, хто падтрымлівае пратэст, каля 25-30 адсоткаў тых, хто падтрымлівае ўладу, але “жорсткіх” прыхільнікаў улады 15-20 адсоткаў, астатнія падтрымліваюць уладу таму, што не бачаць альтэрнатывы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.