Вы тут

Палітвязня Андрэя Новікава вывезлі ў Расію з забаронай вяртацца 10 гадоў

Андрэй Новікаў / Радыё Рацыя

Беларускага палітвязня Андрэя Новікава вывезлі ў Расію з забаронай вяртацца 10 гадоў. За кратамі ён правёў амаль паўгода. У Беларусі ў яго засталіся жонка і двое дзяцей (малодшаму дзіцяці паўтара года), паведамляе Радыё Свабода.

Новікаў — ураджэнец Беларусі (з Варапаева ў Пастаўскім раёне), але працяглы час жыў у Расіі, служыў у міліцыі, ваяваў на Каўказе (падпалкоўнік у адстаўцы), мае расійскае грамадзянства. Вярнуўся на радзіму. Удзельнічаў у стрыме Сяргея Ціханоўскага, расказваў і паказваў, што сталася з Варапаева за апошнія дзесяцігоддзі (ледзь стрымліваў слёзы). Пасля ён збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую. Мужчыну затрымалі 6 чэрвеня ў Пастаўскім раёне і прывезлі ў Мінск у СІЗА № 1. Андрэя Новікава абвінавацілі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК). У гэтым жа абвінавацілі і Ціханоўскага.

Новікаў кажа, што яго выдварылі з Беларусі "без выканання нормаў заканадаўства і права", адвезлі на мяжу з Расіяй і там пакінулі.  

"Мой статус незразумелы, — кажа Андрэй Новікаў. — ...Арышт быў адменены без ніякіх тлумачэнняў, пасля чаго мяне вывезлі невядомыя асобы... Адабралі ўсе дакументы, якія ў мяне назбіраліся падчас следства. Усю перапіску...".

Па словах палітвязня, яго сям'я "засталася ў якасці закладнікаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.