Вы тут

Палітвязень Сцяпан Латыпаў сваёй віны ў судзе не прызнае

Так Сцяпана Латыпава затрымлівалі ў верасні 2020-га / TUT.by

1 чэрвеня ў Мінску ў судзе Савецкага раёна пачаўся працэс па справе палітвязня Сцяпана Латыпава. Актывіста з мінскай "Плошчы Перамен" судзяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу ("арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку", "махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры"). Яго абвінавачваюць у стварэнні дваровага telegram-чата, майстэрні па вырабе "пратэстнай сімволікі", у супраціве міліцыянерам пры затрыманні (яно адбылося 15 верасня 2020 года). Таксама дырэктара кампаніі "Беларбо" абвінавачваюць "ва ўвядзенні ў зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай абароне раслін". На судзе Латыпаў сваю віну не прызнаў ні па адным са згаданых эпізодаў, паведамляе spring96.org.

Сцяпан Латыпаў быў адным з тых, хто ў жніўні-верасні мінулага года не даваў сілавікам перафарбоўваць мурал з "дыджэямі перамен" у дварах па вуліцы Чарвякова ў Мінску. Спачатку па дзяржаўных тэлеканалах паведамілі, што ў мужчыны быў намер выкарыстаць супраць сілавікоў "атрутныя рэчывы". Прадказальна пра гэтае абсурднае абвінавачванне, якое выкарыстоўвала дзяржаўная прапаганда, ужо не згадваюць.

Праваабарончая супольнасць прызнала Латыпава палітвязнем.

Сцяпан Латыпаў у судзе / spring96.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.