Палітвязень на судзе расказаў, як яму пагражалі прастрэліць ногі

Аляксандр Велясніцкі / кадр з відэа

Палітвязень Аляксандр Велясніцкі, якога судзяць па "справе Зельцэра", расказаў на судзе пра катаванні пасля затрымання, перадае праваабарончы цэнтр "Вясна".

Экс-вайскоўца пачалі судзіць 31 жніўня, аднавіўся суд 21 верасня. Велясніцкага вінвацяць у абразе прадстаўніка ўлады і распальванне іншай сацыяльнай варожасці. Нагодай стаў каментар у "экстрэмісцкім" тэлеграм-канале, пакінуты з яго сімкі: "Ліквідаваны член злачыннай групоўкі КДБ. Загінуў наш. Слава герою".

На судзе палітвязень адмовіўся ад паказанняў, дадзеных раней, бо ён даў іх пад ціскам. Ён расказаў, што ў дзень затрымання пінскія супрацоўнікі КДБ пагражалі прастрэліць яму ногі. У Мінску на Акрэсціна ён тры дні не мог спаць, бо камера была душнай і перапоўненай людзьмі. У Жодзіне пры дастаўцы вязняў супрацоўнікі турмы сталі ў шэраг, пачалі збіваць і нацкоўваць сабак.

Велясніцкі — былы памежнік. 14 жніўня 2020 года ён запісаў відэазварот, у якім асудзіў гвалт з боку сілавікоў і адмовіўся ад медаля  "За бездакорную службу".

Затрымалі мужчыну 29 верасня 2021 года — у дзень трагічнай гібелі мінскага айцішніка Андрэя Зельцэра. У верасні 2022-га Лукашэнка пазбавіў яго вайсковага звання старшага лейтэнанта запасу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.