Палата прадстаўнікоў вырашыла даслаць у Адміністрацыю заўвагі да Дэкрэта №3

Таямнічы бунтаўшчык

6 траўня ў Палаце прадстаўнікоў на галасаванні па Дэкрэце №3 удакладняючыя пытанні задавалі 6 дэпутатаў са 109-ці. Але ў выніку ўсяго адзін прагаласаваў “супраць”. Даведацца імя героя не атрымліваецца. У Камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, якая курыруе дэкрэт “аб дармаедах” у парламенце, кажуць, што “гэтую інфармацыю атрымаць немагчыма”. Не прызнаюцца ў галасаванні “супраць” нават тыя дэпутаты, якія задавалі на абмеркаванні дэкрэта самыя нязручныя пытанні. “Гэта быў не я!” — нават не даслухаўшы да канца гаворыць ў слухаўку дэпутат ад Асіповіцкай акругі Мікалай Каўтуноў. Прадстаўніца Баранавіч Вольга Палітыка больш спакойная, але кажа, што не можа нават уявіць, хто б мог быць у Палаце прадстаўнікоў супраць Дэкрэта №3.

Як часта дэпутаты Палаты прадстаўнікоў галасуюць супраць

Спецыяльны карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Лукашук, акрэдытаваны ў парламенце, распавядае, што такое бывае досыць рэдка. “Звычайна галасуюць аднагалосна. Тым больш па такіх гучных дакументах. Час ад часу нехта можа ўстрымацца. Каб вось так супраць катэгарычна — такое бывае не часта”, — расказвае пра асаблівасці беларускай дэмакратыі Лукашук.

Так што, версію пра таямнічага дэпутата-Zorro адмятаем. А шкада. Публічны выступ супраць вельмі непапулярнага ў народзе Дэкрэта №3 мог бы стаць добрым пачаткам для апазіцыйнай палітычнай кар’еры. З іншага боку, усе мы ведаем, чым у Беларусі такая кар’ера можа закончыцца.

Што з Дэкрэтам №3 будзе далей

У Палаце прадстаўнікоў Еўрарадыё кажуць, што цяпер Дэкрэт абмяркуюць у Савеце рэспублікі. Але дэпутаты Палаты хоць і прагаласавалі за тэкст дакумента амаль аднагалосна, усё ж вырашылі накіраваць свае заўвагі па ім у Адміністрацыю. Рашэнне дзіўнае (навошта тады галасавалі за, калі ёсць заўвагі), але дзякуй і на гэтым. “Дэкрэт такі прымаецца ўпершыню, толькі практыка прымянення дазволіць выявіць праблемы па яго рэалізацыі, якія ў далейшым могуць быць урэгуляваныя шляхам унясення кіраўніком краіны зменаў і дапаўненняў у Дэкрэт”, — перакананыя дэпутаты. Дзіўнае тлумачэнне, калі ўлічыць, што упершыню пра распрацоўку Дэкрэта “аб дармаедах” гаварыць пачалі ў 2010 годзе, канкрэтныя лічбы збораў назвалі восенню 2013, а на стале ў кіраўніка краіны тэкст Дэкрэта №3 (які змясціўся на дзевяці старонках) ляжаў яшчэ зімой 2015. То бок пяці гадоў працы над не самым аб’ёмным дакументам было недастаткова і цяпер яго яшчэ будуць абкатваць на жывых грамадзянах.

Якім чынам можна ўнесці папраўкі ў Дэкрэт №3

Цяпер толькі новым Дэкрэтам кіраўніка краіны, які адменіць стары альбо яго удакладніць. Іншага спосабу няма. “Да канца года Адміністрацыя прэзідэнта будзе маніторыць сітуацыю, каб сапраўды, не дай бог, ніхто незаслужана не пацярпеў ад гэтых нагрузак, так званага дармаедства”, — абяцае Лукашэнка. Цікава, ці задаволяць гэтыя словы тых, хто ад такіх палявых выпрабаванняў пацерпіць матэрыяльна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі