Палата лордаў: ЕС ва украінскім крызісе паводзіў сябе як лунацік

Еўрасаюз і Вялікабрытанія вінаватыя ў тым, што ўвайшлі ва ўкраінскі крызіс “як лунацікі”,— заявіў кіраўнік камісіі па справах ЕС брытанскай Палаты лордаў Крыстафер Тагендхэт. Палітык з’яўляецца сябрам Кансерватыўнай партыі, як і брытанскі прэм’ер-міністр Дэвід Кэмеран.

У адмысловым рапарце брытанскай парламенцкай камісіі, апублікаваным у пятніцу, 20 лютага, паведамляецца, што ЕС і Вялікабрытанія зрабілі катастрафічныя памылкі ў ацэнцы настрояў Крамля перад крызісам ва Украіне. З рапарту вынікае, што афіцыйны Брусель не разумеў, наколькі варожа ў Расіі ставіліся да планаў паглыблення еўрапейска-украінскай інтэграцыі, піша польскі партал tvn24.pl.

Паводле рапарта, адносіны ЕС і Расіі абапіраліся на аптымістычным дапушчэнні, што Расія рухаецца ў бок дэмакратыі. Камісія Палаты лордаў лічыць, што з-за эканоміі сродкаў у брытанскім МЗС засталося менш экспертаў па справах Расіі, чым было раней, менш увагі надзялялася таксама ацэнцы сітуацыі ў гэтай краіне. Падобныя з’явы назіраліся і ў іншых дыпламатычных ведамствах ЕС, таму яны не былі ў стане сфармуляваць “рашучага адказу” на падзеі ва Украіне.

Ні Еўрасаюз, ні Вялікабрытанія не мелі стратэгіі, як развіваць адносіны з Расіяй ў доўгатэрміновай перспектыве, пішуць аўтары дакладу. Дэпутаты камісіі Палаты лордаў таксама раскрытыкавалі афіцыйны Лондан за тое, што ён не быў дастаткова актыўны ў вырашэнні ўкраінскага крызісу. Пры тым, што Вялікабрытанія была адным з бакоў Будапешцкага мемарандума, падпісанага ў 1994 годзе. Згодна з дакументам, Украіна пагадзілася аддаць ядзерную зброю ўзамен на тое, што Расія, ЗША і Вялікабрытанія сталі гарантамі яе тэрытарыяльнай цэласнасці.

Аднак брытанскі МЗС аспрэчыў прэтэнзіі парламентарыяў:

“Вялікабрытанія адыграла вялікую ролю ў тым, каб падтрымаць Украіну ў яе жаданні самастойна вырашаць сваю будучыню, афіцыйны Лондан прымаў удзел ў накладанні санкцый на Расію, якая хоча паўплываць на украінскі выбар”.

Нагадаем, што на гэтым тыдні брытанскі прэм’ер-міністр Дэвід Кэмеран заяўляў, што санкцыі супраць Расіі могуць пакінуць у сіле на некалькі гадоў, калі палітыка Масквы не зменіцца.

Фота: Lenta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі