Падзенне беларускага IT-сектара пакуль працягнецца — BEROC

Падзенне ў IT захаваецца да ліпеня-жніўня гэтага года, мяркуюць эксперты / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Падзенне ў IT захаваецца да ліпеня-жніўня гэтага года, мяркуюць эксперты / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Эксперты цэнтра BEROC зладзілі экспрэс-аналіз стану беларускай эканомікі. Асноўная выснова: эканоміка працягвае скарачацца, але тэмпы падзення ВУП запавольваюцца. Пра вынікі расказвае reform.by.

"ВУП Беларусі ў студзені 2023 г. скараціўся на 5% г/г пасля зніжэння на ≈5,2% г/г на месяц раней", — гаворыцца ў дакуменце. Эканамісты адзначаюць, што "аб'ём ВУП (з ліквідацыяй сезоннасці) у студзені заставаўся каля ўзроўню снежня 2022 года, што блізка да сярэдніх значэнняў 2011 і 2017 гадоў". Пры гэтым выпуск большасці сектараў эканомікі па-ранейшаму значна саступаў даваенным паказчыкам. Такая дынаміка паказвае, што працэс перабудовы вытворча-лагістычных ланцужкоў не завершаны, мяркуюць эксперты.

Працягваецца падзення і ў IT-сектары. "Дададзеная вартасць у сектары інфармацыі і сувязі ўпала на 13,2% г/г у студзені пасля скарачэння на ≈10% г/г у снежні мінулага года", адзначаюць эксперты. Яны прагназуюць, што такая тэндэнцыя ў IT захаваецца да ліпеня-жніўня гэтага года — "менавіта ў гэтыя месяцы ў 2022 г. адбылося рэзкае пагаршэнне стану галіны".

Лепш ідуць справы ў вытворчасці харчовай прамысловасці, нафтаперапрацоўкі і машынабудавання. Прадукцыя гэтых галін пераважна ідзе альбо ў Расію, дзе пасля зыходу заходніх кампаній з'явілася прастора для росту, альбо праз Расію. Але пры гэтым падсанкцыйныя сектары хімічнай прамысловасці і дрэваапрацоўкі працягваюць адчуваць "прыкметныя цяжкасці". Перанакіраванне такіх паставак праз Расію і іншыя краіны ЕАЭС "абцяжаранае праз інфраструктурныя абмежаванні", адзначаюць у BEROC. Сур'ёзнае падзенне назіраецца таксама ў аптовых продажах і грузавых перавозках. Гэта, на думку экспертаў, "сведчыць пра захаванне глыбока адмоўных тэмпаў росту фізічных аб'ёмаў экспарту беларускіх тавараў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі