Вы тут

Падстрахоўка на выпадак санкцый: чаму Нацбанк вязе свае грошы ў Беларусь

Нацыянальны банк / Еўрарадыё​

Нацыянальны банк здымае грошы з валютных рахункаў за мяжой і перавозіць іх у Беларусь. За лістапад замежныя дэпазіты Нацбанка скараціліся на $ 611 млн, а наяўных грошай у беларускіх сховішчах стала на $ 361 млн больш.

Цяпер за мяжой у валюце засталося $2,933 млрд. То бок, за месяц Нацбанк вывеў шостую частку дэпазітаў.

Еўрарадыё запыталася ў эксперта, што гэта можа значыць.

"Нацбанк разумее, што санкцыі не жарты"

Нацбанк досыць часта мяняе структуру сваіх рэзерваў, адзначае акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.

— Гэта хутчэй не прыйшоў цыркуляр ў Нацбанк: "Рыхтуйцеся да адключэння ад SWIFT або адключэння знешніх рахункаў". Проста яны, назіраючы агульную сітуацыю, прымаюць досыць рацыянальнае рашэнне мінімізаваць рызыкі і перакласці свае рэзервы з тых месцаў, дзе яны сапраўды могуць трапіць пад санкцыі. Бо Нацыянальны банк быў пералічаны як адна з магчымых мэтаў амерыканскіх санкцый. Ён трапіў ва ўказ Байдэна па санкцыях.

Гэта не азначае, што санкцыі ЗША абавязкова будуць, але пры неабходнасці ўвесці іх можна хутка.

— Нават без усялякай канспіралогіі пра адключэнне ад SWIFT лагічна так паступіць. Нацбанк ўбачыў, што санкцыі не жарты. Цяпер вырашае арганізаваць усё так, каб у выпадку ўвядзення санкцый іх эфект быў меншым.

Звычайна санкцыі ЗША маюць на ўвазе замарозку фактычна ўсіх актываў у далярах. Таму, думаю, што Нацбанк разглядае гэта як цалкам рэальную рызыку, — падсумоўвае Кацярына Барнукова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.