Падрабязнасці размовы Зяленскага і Сі Цзіньпіня — 428-я раніца вайны

Украіна мае намер аднавіць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць краіны, сказаў Зяленскі лідару КНР / facebook.com/GeneralStaff.ua
Украіна мае намер аднавіць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць краіны, сказаў Зяленскі лідару КНР / facebook.com/GeneralStaff.ua

Сёння ноччу расіяне абстралялі Мікалаеў. Жыхары горада чулі 4 гучныя выбухі — папярэдне, гэта былі ракеты С-300. Ёсць трапленне ў шматпавярхоўку і ў прыватны жылы дом. Адзін чалавек загінуў, 15 — пацярпелі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай вобласці Віталь Кім.

Сёння раніцай выбух прагрымеў і ў акупаваным Мелітопалі. "Неціхая раніца ў Мелітопалі. Адзіночны выбух чуваць у самым цэнтры горада. Што гэтым разам выбухае ў акупантаў, высвятляем", — напісаў у Telegram мэр горада Іван Фёдараў. Расійскія СМІ пішуць, што выбух прагрымеў каля жылога дома, пацярпеў адзін чалавек. А рэсурс РІА-Мелітопаль сцвярджае, што гаворка ідзе пра начальніка Прыазоўскага аддзялення паліцыі Аляксандра Мішчанку. Пазней з'явілася інфармацыя, што ён загінуў.

Расіяне за мінулыя суткі нанеслі па тэрыторыі Украіны 7 ракетных і 39 авіяцыйных удараў. Здзейснілі 61 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і па крытычнай інфраструктуры населеных пунктаў, кажуць ва ўкраінскім Генштабе. Наступальныя дзеянні расійскія сілы вядуць на трох кірунках: Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім. Украінцы за суткі адбілі на гэтых участках фронту 54 атакі. Самыя жорсткія баі па-ранейшаму ідуць за Бахмут і Мар'інку.

У Расіі расце трывога з нагоды патэнцыйнага ўкраінскага контрнаступлення, мяркуюць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW). Эксперты прыйшлі да такой высновы пасля аналізу заяў расійскіх афіцыйных асоб і публічных персон. Так, фінансіст Wagner Group Яўген Прыгожын учора заявіў, што, як толькі ўмовы надвор'я ў Бахмуце палепшацца, Украіна пачне контрнаступленне. І гэта контрнаступленне можа супасці з Днём Перамогі. Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў на днях у Нью-Ёрку казаў, што дыскусіі аб патэнцыяле перамоваў пасля паспяховага ўкраінскага контрнаступлення з'яўляюцца "шызафрэнічнымі".

"Усё больш маркотная і панічная рыторыка, якая зыходзіць ад вядомых дзеячаў інфармацыйнай прасторы, наводзіць на думку, што расійская інфармацыйная прастора яшчэ не вызначылася з тым, як рэагаваць на  асцярогі, якія растуць з нагоды бліжэйшай будучыні", — адзначаюць эксперты Інстытута вывучэння вайны.

Подробности разговора Зеленского и Си Цзиньпиня — 428-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Украіне перадалі ўжо больш за 98% абяцанай баявой тэхнікі, заявіў вярхоўны галоўнакамандуючы Аб'яднаных узброеных сіл NATO ў Еўропе генерал Крыстафер Кавалі падчас выступу ў Кангрэсе ЗША. Гэта паведамляе Yahoo News са спасылкай на Reuters. Амерыканскі генерал падкрэсліў, што ўкраінскія вайскоўцы атрымаюць зброю, неабходную для будучага контрнаступлення, своечасова. "Мы таксама працягнем працу па падтрыманні іх аперацый", — сказаў Кавалі. Ва Украіне ўжо пракаментавалі гэтую заяву.

"На мой погляд, 98% — гэта занадта [вялікая лічба]", прыводзіць словы дарадцы кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіла Падаляка Hromadske. Са слоў Падаляка, "зброі ніколі не бывае дастаткова, калі ў цябе такі вораг, як РФ". Ён таксама распавёў, што цяпер адчуваецца дэфіцыт, асабліва цяжкіх калібраў, "і ЕС, і мы спрабуем развязаць гэтую праблему".

Украіна і Італія плануюць стварыць сумесную вытворчасць сістэм супрацьпаветранай абароны. Гэтыя сістэмы будуць спецыялізавацца на абароне інфраструктуры ад нападу беспілотнікаў. Пра гэта распавёў прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль падчас наведвання абароннага прадпрыемства Rheinmetall у Італіі. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці сучасных сістэм супрацьпаветранай абароны, у прыватнасці сістэм СПА малога радыусу дзеяння Skynex, якімі цікавіцца Украіна.

"Нам патрэбная такая эфектыўная зброя для абароны ад дронаў, якімі Украіну атакуе Расія. Гэта захавае дзясяткі жыццяў і важную інфраструктуру для мільёнаў людзей", падкрэсліў Шмыгаль.

Подробности разговора Зеленского и Си Цзиньпиня — 428-е утро войны
Украінская дэлегацыя падчас наведвання абароннага прадпрыемства Rheinmetall / kmu.gov.ua

Сталі вядомыя падрабязнасці ўчорашняй размовы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з кіраўніком Кітая Сі Цзіньпінем. Зяленскі сказаў Сі Цзіньпіну, што Украіна павінна аднавіць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць у межах міжнародна прызнаных межаў 1991 года, уключаючы Крым. Пра гэта паведамляе офіс украінскага прэзідэнта.

Учора лідар Кітая ўпершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварвання пагаварыў па тэлефоне з прэзідэнтам Зяленскім. Размову ініцыяваў украінскі бок. Зяленскі падчас размовы сказаў кітайскаму калегу, што сітуацыя на фронце складаная, але Украіна будзе вызваляць сваю зямлю. "Мы не пачыналі гэтай вайны, але павінны аднавіць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашай дзяржавы", — сказаў Зяленскі. Ён таксама падкрэсліў, што не можа быць ніякага міру за кошт тэрытарыяльных кампрамісаў. Казаў украінскі прэзідэнт і аб недапушчальнасці падчас гэтай вайны дапамогі Расіі.

"Любую падтрымку — нават частковую — Расія канвертуе ў працяг сваёй агрэсіі, у сваю далейшую адмову ад міру. Чым менш падтрымкі атрымлівае Расія, тым хутчэй скончыцца вайна і ў міжнародныя стасункі вернецца спакой", — падкрэсліў Зяленскі.

Сі ў адказ заявіў, што Кітай заўсёды стаіць на баку міру, а яго асноўная пазіцыя заключаецца ў садзейнічанні мірным перамовам. Ён выказаў свае прапановы, што трэба зрабіць, у тым ліку міжнароднай супольнасьці. У Кітаі падкрэслілі, што гэта не яны стварылі "ўкраінскі крызіс" і не з'яўляюцца яго бокам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі