Вы тут

Падпалкоўніка ваеннай разведкі асудзілі на 19 гадоў калоніі

Дзмітрый Самсонаў

19 гадоў калоніі прысудзіла суддзя Таццяна Фалькоўская падполкоўніку галоўнага разведвальнага ўпраўлення Міністэрства абароны Дзмітрыю Самсонаву. Прысуд быў агучаны ў Мінскім гарадскім судзе, паведамляюць праваабаронцы.

Самсонава судзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 375 (мэтанакіраванае разгалошванне службовай таямніцы) і ч. 2 арт. 235 (адмыванне сродкаў, атрыманых злачынным шляхам).

Пра справу Самсонава вядома няшмат. Да восені 2020-га ён служыў у Галоўным упраўленні ваеннай разведкі Мінабароны ў сакрэтнай часці 15738. падраздзяленне мае доступ да матэрыялаў, атрыманых КДБ, у тым ліку праслуховак.

Вядома, што затрымалі Самсонава ў 2020 годзе. Да суда ён быў пад вартай. Суд пачаўся 4 кастрычніка 2021 года і быў закрытым. Цяпер Самсонаў знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарскага.

Невядома, ці звязаная яго справа з палітычнымі пратэстамі. Яго сваякі ў гутарцы з журналістамі не пацвярдзілі і не абверглі гэта. У дзяржаўных СМІ пра яго ні разу не згадвалі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.