Вы тут

Падазраваным па "справе БЕЛТА" абмежавалі выезд з краіны

Фота: Bymedia.net

Падазраваным па "справе БЕЛТА" абмежавалі выезд з Беларусі. Гэта журналісты Паўлюк Быкоўскі, Таццяна Каравянкова, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ірына Леўшына (вядома, што яна падпісала пастанову аб прызначэнні экспертызы камп'ютарнай тэхнікі, якую забралі ў яе дома і ў офісе БелаПАН). 27 жніўня ім уручылі пастановы аб часовай забароне на выезд з тэрыторыі нашай краіны, інфармуе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Як паведамляла Еўрарадыё, Следчы камітэт Беларусі расследуе крымінальную справу пра незаконны доступ да платнай падпіскі дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА. 7 жніўня адбыліся ператрусы ў офісах БелаПАН, Tut.by. У гэты і наступныя дні затрымалі восем чалавек: Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак, Таццяна Каравянкова, Паўлюк Быкоўскі, Аляксей Жукаў, Ірына Леўшына. Усіх іх пасля вызвалілі.