Пад Бярозай закрылі прыватную паляўнічую гаспадарку, і звяры пайшлі на агароды

Каб абараніцца ад набегаў жывёл, мясцовыя ўмацоўваюць платы / sb.by
Каб абараніцца ад набегаў жывёл, мясцовыя ўмацоўваюць платы / sb.by

Жыхары вёскі Бронная Гара пад Бярозай (гэта ў Брэсцкай вобласці) пакутуюць ад набегаў лясных звяроў, піша sb.by. "З'елі клубніцы, маліны, патапталі бульбу, аб'елі галінкі яблыні", — скардзіцца 90-гадовая жыхарка вёскі. Мясцовыя жыхары ўмацоўваюць платы, але пражэрлівых гасцей гэта не спыняе. У адной з жанчын мінулай зімой статак зламаў плот. "Прыехала я неяк зімой з Бярозы, дзе цяпер жыву, і бачу: ляжыць мой плот на зямлі. Снег па ўсім двары вытаптаны. Сляды нават на гаражы — і туды козы заскоквалі", — распавядае жанчына. Казулі аб'елі пладовыя дрэвы. Суседзі кажуць, прыходзіў статак "да 20 галоў".

Увесну і ўлетку сітуацыя не палепшылася. "Казулі вельмі любяць шчаўе. Дачка збіралася зрэзаць і закансерваваць, але не паспела — з'елі", — кажа яшчэ адна жыхарка. Паводле яе слоў, звяры прыходзяць, як сцямнее: "Скачуць і рыкаюць. Выйсці страшна". Людзі баяцца, што следам могуць прыйсці і ваўкі.

Праблема ўзнікла два гады таму, пасля таго як у раёне ліквідавалі прыватную паляўнічую гаспадарку. Спыніліся паляванні, і звяры адчулі сябе больш упэўнена. Улады пра праблему ведаюць, але вырашаць яе не спяшаюцца. "Над намі або пасмейваюцца, або раяць умацоўваць платы", — кажуць жыхары вёскі. 

У мясцовай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў людзям нагадалі, што "прымаць меры па папярэджанні знішчэння або пашкоджання паляўнічымі жывёламі сельскагаспадарчых культур" павінен землекарыстальнік, пры гэтым меры, якія прымаюцца "за выключэннем палявання, не павінны прыводзіць да гібелі, ранення або захворвання дзікіх жывёл".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі